Расійскія сілавікі і «крымнашаўцы» будуць вучыць беларусаў патрыятызму ў Смаленску

З 22 па 24 сакавіка ў расійскім горадзе пройдзе супольны расійска-беларускі форум спецыялістаў у вобласці патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Спіс выступоўцаў выклікае пытанні.

18 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі/photo – vk.com/official_vpc_vympel


Арганізатарамі форума выступілі Смаленскае абласное таварыства «Расійскі Саюз Моладзі» і філіял вайскова-патрыятычнага цэнтра «Вымпел» у Смаленску. З Беларусі на імпрэзу ў першую чаргу чакаюць прадстаўнікоў рэгіёнаў – верагодна, Магілёўскага і Віцебскага. Пашырэнне расійскага ўплыву ў гэтых абласцях для службоўцаў з РФ застаецца адным з важных пытанняў.

Паводле праграмы Форума, 23 сакавіка гасцей форума чакае сустрэча з даверанай асобай Уладзіміра Пуціна, кіраўніком вайскова-патрыятычнага цэнтра «КУОС-Вымпел» Святаславам Амельчанкам.

Амельчанка – зацяты прыхільнік далучэння Крыма, а сама арганізацыя «Вымпел» вядзе актыўную дзейнасць у анэксаваным Крыме, пра што сама ж расказвае на сваім афіцыйным сайце.

Прыкладам, у ліпені 2014-га і 2015-га гадоў арганізацыя, што функцыюе за кошт грантаў Прэзідэнта РФ, арганізавала форум «Таўрыда». У 2015 годзе ВПЦ «Вымпел» і Асацыяцыя студэнцкіх спартовых клубаў Расіі правялі супольны вайсковай-спартовы лагер для крымскай моладзі.

Кіраўнік ВПЦ «Вымпел» Святаслаў Амельчанка 2016 году заявіў, што «Крым і Севастопальгэта спадчына Расіі. ВПЦ «Вымпел» працягне актыўную працу па развіцці патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі ў Крымскам федэральнай акрузе і яшчэ большая колькасць дзяцей зможа далучыцца да гістарычнай спадчыны нашай неабсяжнай Радзімы».

Нагадаем, што Беларусь на міжнародным узроўне адмовілася прызнаваць анэксію Крыма законнай.

Удзел беларусаў у падобным форуме ў той час, калі ідуць актыўныя размовы пра «анэксію Беларусі», выглядае дзіўным. Асабліва калі мерапрыемства часткова арганізуе ВПЦ «Вымпел», непасрэдна уцягнуты ў «ідэалагічную» анексію Крыма.

Апроч Амельчанкі і працы па секцыях, гасцей форума чамусьці чакае яшчэ і «адкрыты дыялог з прадстаўнікамі сілавых структур Смаленскай вобласці».

Мерапрыемства арганізуецца ў рамках рэалізацыі гранта прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.