Комплекс будынкаў некалі найстарэйшай псіхіятрычнай бальніцы Беларусі побач з Пячэрскім лесапаркам ужо практычна знесены.

Сама лячэбная ўстанова даўно перанесена ў Любуж, а па вуліцы Сурганава засталіся стаяць толькі два будынкі. У 2009 годзе каля аднаго з іх быў адкрыты помнік пацыентам абласной псіхіятрычнай бальніцы, забітым нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны.

Восенню 1941 года амаль 900 пацыентаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы былі забіты ў эксперыментальнай газавай камеры. Пакой бальніцы, дзе ў час вайны была абсталявана гэтая камера, захавалася да нашых дзён. Якраз насупраць аднаго з яе вокнаў і быў устаноўлены абеліск у памяць аб ахвярах.

З ініцыятывай увекавечыць іх памяць выступілі лекары з Германіі яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. Маючы магчымасць працаваць з дакументамі вермахта і “штазі”, аднаму з супрацоўнікаў Інстытута гісторыі і этыкі медыцыны Мюнхенскага універсітэта ўдалося адшукаць кадры кінахронікі – 35 секунд, на якіх захаваны пацыенты псіхіятрычнай клінікі, якія заходзяць у газавую камеру. Гэтая кінастужка пазней стала рэчавым доказам на Нюрнбергскім працэсе.

Грошы на помнік у памеры 10 тысяч еўра выдзеліў урад ФРГ у рамках беларуска-нямецкага праекта “У памяць аб загубленых душах”. Абеліск быў створаны па праекце беларускага скульптара Аляксандра Мінькова. Тым не менш, ніякага ахоўнага статусу будынкі не займелі.

Да гэтага часу яны не маюць зусім ніякага статусу, – гэта значыць, не прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а значыць, могуць быць знесены ў любы момант. Тэрыторыя вакол актыўна забудоўваецца прыватнікамі.

Лёс гэтага гістарычнага месца вырашаецца гэтымі днямі, Магілёўскі гарвыканкам думае, што рабіць далей. Улічваючы не толькі прававы дэфолт, але і знешнепалітычную напружанасць, высокая верагоднасць таго, што абеліск, выраб і ўстаноўку якога фінансавала Германія, можа быць адпраўлены на звалку.