У Год культуры магілёўскія ўлады скарачаюць гарадскую капэлу.
Дзяржаўная газета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Беларускі час” раскрытыкавала Магілёўскі гарвыканкам з падачы кіраўніка гарадской капэлы Сяргея Лішчанкі.
Паводле яго слоў, у канцы 2015 года стала вядома, што пяцёра музыкантаў па рашэнні гарвыканкама павінны пакінуць калектыў. Аднак працаваць капэла будзе яшчэ больш інтэнсіўна — з-за абвешчанага ў рэспубліцы Года культуры мерапрыемстваў стала значна больш.
— Сёння сярэдні заробак нашых артыстаў складае 2,5 млн. рублёў. Гэта вельмі зневажальна, паколькі, да прыкладу, стаўка работніка музычнай школы вышэй, чым аклад прафесійнага музыкі, — цытуе словы Лішчанкі «Беларускі час».
Як пазначана ў газеце, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Караткевіч ад каментара адмовілася. Затое старшыня Магілёўскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Уладзіслаў Афанасенка стаў на бок Сяргея Лішчанкі:
— Сітуацыя непрымальная, паколькі калектыў капэлы працуе на аўтарытэт горада і культуры ўсёй вобласці … Чыноўнікі і наняты для таго, каб прымнажаць духоўнае багацце краіны, а не знішчаць яго … Спадзяюся, нашу пазіцыю падтрымае і галоўнае ўпраўленне ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.
Нягледзячы на эканамічную падаплёку праблемы, рэдакцыі з крыніц, якія заслугоўваюць даверу стаў вядомы яшчэ адзін матыў з’яўлення матэрыялу — жаданне пашырыць капэлу за кошт духавога аркестру, які мае большую пазнавальнасць сярод магілёўцаў праз вулічныя выступы і штотыднёвыя летнія вечаровыя танцы ў скверы 40 год Перамогі. Праблема ўвогуле, на думку кіраўніка капэлы, крыецца яшчэ і ў няправільнай арганізацыі працы музычных калектываў.
— У Гродне, да прыкладу, да капэлы далучылі духавы аркестр, што дазволіла значна пашырыць рэпертуар. Гэта можна было б зрабіць і ў Магілёве, тым больш што ў 2014 годзе пры аддзеле культуры Магілёўскага гарвыканкама стварылі духавы аркестр. Праўда, музыканты там працуюць не на поўную стаўку і практычна не даюць канцэртаў. Затое аркестр прымае ўдзел у гарадскіх мерапрыемствах, таму лічыцца, што для горада ён важней, паколькі, у адрозненне ад сімфанічнага, можа выступаць пры любым надвор’і», — заявіў Лішчанка «Беларускаму часу».
На дадзены момант гэта дзве паасобныя структуры, у кожнай з якіх ёсць свае задачы і свой начальнік. Аб’яднанне ж дасць самому Лішчанке больш падкантрольных людзей. Магчыма, варта задацца пытаннем: ці не пачаліся ў Год культуры ў самой інтэлігентнай сферы Магілёва паддывановыя гульні за бюджэтныя грошы, якіх, відавочна, на ўсіх жадаючых не хапае.