У Круглым арыштаваны адзін з самых паспяховых мясцовых прадпрымальнікаў Аляксандр Калін, а таксама экс-галоўны санітарны ўрач Аляксей Цыганаў.
Верагодна, улады помсцяць ім за грамадзянскую пазіцыю і падтрымку апазіцыйных кандыдатаў на выбарах 2020 года. Распачата крымінальная справа па «народным» артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У жніўні 2020 года старшыня Круглянскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў склікаў праўладны мітынг, на якім публічна абразіў прадпрымальніка і галоўнага санітарнага ўрача раёна за іх грамадзянскую пазіцыю. Галоўлекара санстанцыі ён нават назваў «палітычнай прастытуткай». У адказ, ад імя прадпрымальнікаў, Аляксандр Калін з калегамі занёс у райвыканкам больш за дзесятак узнагарод, грамат і падзяк, атрыманых ад чыноўнікаў, якія кляліся раней у сяброўстве і павазе. Дыпломы яны расклалі проста на ганку райвыканкама.
Два з паловай гады ўлады ўстрымліваліся ад рэпрэсій у адносінах да прадпрымальніка. Але 27 лютага супрацоўнікі ДФР і Следчага камітэта вырашылі ўзяць Аляксандра Каліна пад варту.
Спачатку яму прад’явілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў шляхам утойвання або заніжэння падатковай базы. А роўна праз месяц, 27 сакавіка, пракурор Круглянскага раёна Аляксандр Раманаў (прызначаны на гэтую пасаду паўгады таму) санкцыянаваў ператрусы ў Круглым ужо ў межах крымінальнай справы па абвінавачанні Аляксандра Каліна ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Мінску ў перыяд з 16 па 23 жніўня 2020 г. гады.
Гэтую відавочна палітычную справу вядзе старэйшы следчы Круглянскага РАСК Віталь Руцкі (па выніках мінулага года атрымаў званне «лепшы следчы» за дасягненне «высокіх вынікаў»).
27 сакавіка ў межах гэтай крымінальнай справы пасля ператрусаў былі папярэдне ўзятыя пад варту на 72 гадзіны жыхары Круглага Аліна Горава, Улад Лагуценка і экс-галоўлекар санстанцыі Аляксей Цыганаў. Сваякоў прадпрымальніка Аляксандра Каліна па чарзе “прэсуюць” – дачку і сына кідалі на “суткі” ў ІЧУ, а 29 сакавіка ператрусы прайшлі ў бацькі і жонкі Аляксандра Каліна.