Пасля забойства міліцыянта ноччу ў Магілёве прайшла аблава на цыганоў

Па розных дадзеных, зараз затрымана ад 30 да 40 чалавек.

17 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Увечары 16 траўня ў Магілёве знік інспектар дзяржаўтаінспекцыі, лейтэнант міліцыі Яўген Патаповіч. З 17.30 да 18:20 ён выбыў на месца ДТЗ. У 18.27 даслаў паведамленне па Viber: “Тэрмінова. Чорная “волга”. Тры цыгана. Рэгістрацыйны знак – рускі“. Пасля гэтага ён знік з табельнай зброяй.

Згодна з арыентыроўкай, афіцэра павезлі на легкавым аўтамабілі ГАЗ (“Волга”) з наглуха танаваным шклом і рэгістрацыйнымі нумарамі Расіі. Гаворка ідзе пра аўтамабіль чорнага колеру, нумары – 67, 68 або 69 рэгіён Расіі.

Каля 20:45 яго знайшлі забітым у лесапаласе паміж Магілёвам і Шкловам. Следчы камітэт распачаў справу, па ўсёй краіне ўведзены план-перахоп. На дадзены момант інфармацыі аб затрыманні забойцаў няма.

Каля 21 гадзіны ў мікрараёнах Грэбенёва і Чапаеўка, дзе кампактна пражываюць цыганы, адбыліся аблавы. Пра гэта паведаміла адразу некалькі крыніц – «Радыё Свабода», «Наша Ніва», а таксама нашыя інфарматары.

Было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек – ад 30 да 50, у тым ліку і жанчын. Пазней пад вартай пакінулі толькі мужчын.

Як перадае «Радыё Свабода», міліцыя вельмі жорстка абыходзілася з прадстаўнікамі этнічнай групы.

Акрамя аблавы па месцы жыхарства, цыган таксама затрымлівалі і ў горадзе. Валанцёр “Магілёўскай вясны” стала сведкай, як двое супрацоўнікаў міліцыі затрымалі маладога рома на прыпынку «Габраўская» каля 11 гадзін вечара. Паступілі і іншыя сігналы.

Варта адзначыць, што сярод тых, каго затрымалі, былі і непаўналетнія.

На дадзены момант у месцы кампактнага пражывання цыганоў для збору больш поўнай інфармацыі выехалі праваабаронцы «Магілёўскай вясны».