Улады пакрыўдзіліся: затрымалі ўдзельнікаў акцыі, на якой зняважылі міліцыю на Віцебскім праспекце ў Магілёве

Вось ужо дзе «краіна для жыцця».


7 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі


Праваабаронцам «Магілёўскай вясны» стала вядома аб затрыманні як мінімум чацвярых удзельнікаў акцыі 5 траўня. Нагадаем, тады людзі не далі міліцыі затрымаць прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.

Пасля 5 траўня супрацоўнікі МУС вытрымалі суткі і пачалі помсціць.
Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Саша Райкан паведаміў пра затрыманне Сцяпана Лазаронка – аднаго з тых, хто адбіваў чалавека ў міліцыі:

– Інфармацыя прыйшла ад яго жонкі Наталлі і цэнтральнага офіса ПЦ “Вясна”. Каля 13 гадзін 7 траўня да яго ў кватэру прыехалі супрацоўнікі міліцыі і, як паведаміла ягоная жонка, сказалі, што да яго ёсць прэтэнзіі з тэхаглядам аўтамабіля. У выніку яго забралі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Там яго пратрымалі мінімум пяць гадзін. Адтуль ён змог паведаміць па тэлефоне, што ў дачыненні да яго складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП – пра ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Паводле яго слоў, яго, хутчэй за ўсё, накіравуюць у ізалятар часовага ўтрымання.

Міліцыя лічыць спантанны сход людзей на Віцебскім праспекце незаконным мітынгам, што, вядома ж, з’яўляецца трызненнем. Сцяпан Лазарёнок правядзе гэтую ноч у ІЧУ, пасля чаго яго будуць судзіць, мабыць, у судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва, – распавёў Райкан.

Як распавёў праваабаронца, па тэлефоне Сцяпан Лазаронак распавёў яшчэ аб адным затрыманым – нехта Вячаслаў Зайцаў таксама быў на Віцебскім праспекце падчас інцыдэнту з міліцыяй.

Акрамя таго, MSPRING.ONLINE мае інфармацыю, што ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама ўтрымліваюцца яшчэ двое чалавек – Арцём Сакаў і вядучы стрыма Уладзімір Няронскі, які замяніў Сяргея Ціханоўскага на сустрэчы з магілёўцамі.

Як адзначыў Саша Райкан, міліцыя здзекуецца над сваякамі затрыманых, не даючы ім ведаць пра стан апошніх:

Жонцы Лазаронка давялося правесці некалькі гадзін у недасведчанасці ў Кастрычніцкім РАУС, а мама Арцёма Сакава да гэтага часу не ведае, у якім статусе яе сын. Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» будуць дзяжурыць заўтра з раніцы ў судах Магілёва, каб даведацца лёс гэтых людзей.