Роўна паўгоды таму сілавікі з неўсталяванага ведамства ўзламалі жалезныя дзверы па адрасе, дзе афіцыйна зарэгістраваная магілёўская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), вынеслі адтуль рэчы – і зараз нават невядома, дзе яны.
Усё адбылося ў самым цэнтры Магілёва, у доме на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Праўда, вокны партыйнага офіса выходзяць не на фасадную частку, а ў двары. Але нават там пільныя супрацоўнікі, як мяркуецца, міліцыі праявілі стараннасць, убачыўшы спалучэнне бел-чырвона-белага колеру. Прычынай надзвычайнай прыдзірлівасці стаў візіт высокапастаўленага чыноўніка з Мінска напярэдадні 25 сакавіка, а вынікам – вось гэтае фота, праляцеўшае праз ўсе беларускія СМІ.
Выпілоўванне замка з жалезнай дзверы стала нормай у барацьбе з пратэстнай сімволікай, хоць некалькі гадоў да гэтага ўвесь офіс магілёўскай ячэйкі БСДП (Грамада) быў упрыгожаны нацыянальнымі і партыйнымі сцягамі. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра афіцыйна зарэгістраваны Мінюстам геральдычны сімвал.
У барацьбе з іншадумствам нікога з арандатараў не паклікалі – узлом адбываўся без прысутнасці прадстаўнікоў БСДП (Грамада). Кіраўніцтва партыі даведалася аб пранікненні ў офіс невядомых постфактум ад арэндадаўца, прадпрымальніка Анатоля Аношкіна.
Праз дзень старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Юры Грынявецкі накіраваў афіцыйную заяву на імя начальніка Ленінскага РАУС Магілёва, патрабуючы пачаць расследаванне. Ён звярнуў увагу на тое, што ніхто не паведаміў кіраўніцтву партыі аб неабходнасці адкрыць дзверы, а ў выніку ўзлому дзверы і далейшага ператрусу абласной арганізацыі быў нанесены матэрыяльны ўрон.
З міліцыі прыйшоў адказ, кажа Юрый Грынявіцкі, але быў ён не па сутнасці прад’яўленых патрабаванняў. У лісце гаварылася, што дамову арэнды памяшкання заключаў Ігар Барысаў (старшыня БСДП (Грамада), а Юрый Грынявецкі “не прадставіў устаноўленых дакументаў, якія даюць права прадстаўляць правы Ігара Барысава“. На гэтым усё.
І па стане на сёння, працягвае лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў, праз паўгода пасля інцыдэнту нічога міліцыянты не аддалі. Больш за тое, няма нават ніякага пратакола канфіскацыі. Акрамя вялікіх, афіцыйна зарэгістраваных сцягоў, у офісе было мноства іншай партыйнай атрыбутыкі – сцяжкі, буклеты, стыкеры, але колькі чаго было канфіскавана органамі – ніхто не ведае.
«Вядома, гэта падобна чымсьці на разбой», – кажа Юрый Грынявецкі. Але без дакументаў зусім няма магчымасці сфармуляваць патрабаванні аб вяртанні. Бо нават у арэндадаўца, тлумачыць ён, не было ключоў ад офіса партыі. Пасля праведзенага ператрусу Анатоль Аношкін толькі вынес з ужо незакрытага памяшкання прынтэр і іншыя рэчы, каб іх не расцягнулі.
А далей кіраўніцтвам партыі было прынята рашэнне не фарсіраваць гэтую тэму з-за паглыблення палітычнага крызісу ў краіне. Па каментар MSPRING.MEDIA звярнуўся да старшыні БСДП (Грамада) Ігару Барысава. Яго адказ атрымаўся кароткім і вельмі ёміста характарызуе сітуацыю ў краіне:
“Наш каментар вельмі просты. Пазіцыя партыі такая, што ў нас няма ўпэўненасці, што пры фізічным кантакце ў райаддзеле міліцыі актывістаў партыі не пасадзяць на суткі, напрыклад, за непадпарадкаванне работніку міліцыі або па якой-небудзь іншай вынайдзенай прычынай. Ва ўмовах прававога дэфолту мы вырашылі берагчы людзей“.