Некалькі дзясяткаў чалавек накіравалі подпісы ў Адміністрацыю прэзідэнта, санстанцыю і дэпутату парламента.
10 студзеня. Магілёў-Вейна. Ігар Лазоўскі. Фота носіць ілюстрацыйны характар
Каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў, які адным з першых публічна заявіў аб забруджванні сажай аграгарадка Вейна пад Магілёвам, паведаміў аб накіраванні трыццаці подпісаў у розныя інстанцыі улады.
– Усяго мы сабралі 90 штук, але пакуль накіравалі 30. Зараз мы масава збіраем подпісы для наступнага звароту, – распавёў актывіст.
Паводле яго слоў, вейнянцы падпісаліся пад патрабаваннем правесці экалагічную экспертызу мясцовасці, дзе размясціўся завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў».
Акрамя гэтага, жыхары аграгарадка папрасілі ліквідаваць парушэнні ў фільтрацыйных і ачышчальных збудаваннях вытворчасці, а таксама праінфармаваць іх аб экалагічнай сітуацыі ў іх раёне.
Зварот быў накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўнаму санітарнаму ўрачу Магілёва, а таксама дэпутату Палаты прадстаўнікоў Анатолю Хішчанке.
Сам Бодзілеў упэўнены, што пры пабудове і запуску завода не былі выкананыя элементарныя экалагічныя нормы.
У канцы снежня жыхары Вейна ўбачылі на сваіх падваконніках пласт сажы. Пазней паведамлялася, што завод у першы ж месяц сваёй працы перавысіў нарматыў цвёрдых макулінак ў 40 разоў: 690,17 мг/м³ пры нарматыве ў 17,01 мг/м³. У дадзены момант праца завода прыпыненая да вясны.