У Круглым суд адправіў мясцовага жыхара ў калонію на тры гады з-за каментароў пра Лукашэнку ў Youtube. Першыя з іх былі пакінутыя яшчэ ў 2019 годзе.

Па інфармацыі MSPRING.MEDIA, суд Круглянскага раёна 13 жніўня вынес прысуд мясцоваму жыхару Уладзіміру Парашкову. Суддзя Таццяна Сідаровіч (раней працавала адвакатам у юрыдычнай кансультацыі Бялыніцкага раёна) прызнала яго вінаватым у «паклёпе на Аляксандра Лукашэнку» (ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК РБ).

Згодна з матэрыяламі справы, на працягу двух гадоў Парашкоў пакідаў каментарыі ў Youtube і Instagram на адрас Лукашэнкі, прычым некаторыя паведамленні ўтрымлівалі абвінавачванні апошняга

«ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў».

Цікава, што каментарыі Парашкоў пачаў пакідаць задоўга да выбараў 2020 года. Так, першыя з іх прыйшліся на лістапад 2019 года.

Па выніках судовага працэсу, суддзя Сідаровіч прыгаварыла Уладзіміра Парашкова да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

15 кастрычніка Магілёўскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу круглянца. Па выніках разгляду, першапачатковы прысуд быў пакінуты ў сіле.