Як стала вядома MSPRING.MEDIA, каля месяца таму ў гарадскім пасёлку Краснаполле прайшоў суд па «народным» артыкуле 19.11 КаАП РБ з не самым відавочным зыходам.

Нагадаем, арт. 19.11 КаАП РБ мае на ўвазе «распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». Усяго, паводле гэтага артыкула, за апошнія некалькі месяцаў прыцягнулі больш за сотню чалавек толькі ў Магілёўскай вобласці. Пераважная частка рашэнняў, вядомых MM – гэта арышты і штрафы. Але ёсць і незвычайныя кейсы.

Так, 18 сакавіка, суд Краснапольскага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу па ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ у дачыненні да мясцовай жыхаркі Насты Д.

Яе абвінавацілі ў тым, што яна некалькі гадоў таму паставіла адзнаку “Клас” у “Аднакласніках” пад відэа з лагатыпам тэлеканала “Белсат” (яшчэ да ўключэння яго ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”), з-за чаго відэа з’явілася ў стужцы яе акаўнта. . Наста Д. цалкам прызнала віну, паведаміўшы, што яна не ведала аб “экстрэмісцкім” характары прадукта.

Суддзя Алена Краўцова адрэагавала па цяперашніх часах дастаткова лаяльна – яна прызначыла жыхарцы Краснаполля пакаранне ў выглядзе 40 гадзін грамадскіх работ, з чым Анастасія Д. пагадзілася.