Суддзя Аксана Ратнікава пачала судзіць яго падчас абедзеннага перапынку, з-за чаго журналісты, праваабаронцы і маці не змаглі трапіць на працэс.

3 мая. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі


Рамана Мішчанка 3 траўня выклікалі позвай у Ленінскі РАУС для складання пратаколу за прызыў грамадзян у сацсетках прыйсці на несанкцыянаваную акцыю пратэсту 1 траўня. Нагадаем, што акцыя пратэсту 1 траўня не адбылася, паколькі раніцай гэтага ж дня супрацоўнікі МУС прэвентыўна затрымалі актывіста.

Пасля складання пратаколу маёрам Яўгенам Слаўнікавым актывіста на грамадзянскім “Опелі” даставілі ў суд Ленінскага раёна, прычым максімальна незаўважна для журналістаў, якія дзяжурылі на месцы. Нягледзячы на гэта, яны паспелі заўважыць, як Мішчанка заводзяць у будынак падчас абедзеннага перапынку. Пазней высветлілася, што суддзя Аксана Ратнікава пачала працэс да афіцыйнага адкрыцця суда з перапынку на абед. З-за гэтага працэс атрымаўся фактычным закрытым.

– Ніякага права пачынаць працэс у абедзенны перапынак у суддзі не было. Мы ўжо аформілі заўвагу ў кнізе скаргаў, – паведаміў праваабаронца Барыс Бухель.

Праваабаронцы, журналісты і маці Рамана Мішчанка змаглі ўбачыць яго толькі тады, калі суддзя абвясціла перапынак для вынясення рашэння. Актывіст змог сцісла распавесці пра затрыманне і суд для нашага відэасюжэту:

Суддзя Аксана Ратнікава пастанавіла арыштаваць Мішчанку на 15 сутак. Ён сваю віну не прызнаў, заявіўшы, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе свабоду сходаў.

Ганьба такому суду,- коратка адкаментаваў актывіст рашэнне суддзі. Перш, чым яго павезлі ў магілёўскі ІЧУ, ён з праваабаронцам Барысам Бухелем падаў скаргу на пастанову суддзі. Вызвалены Мішчанка будзе ў 12 гадзін дня 18 траўня.