Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па гэтым факце, сцвярджае блогер Сцяпан Святлоў.

21 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – uvd.mogilev.com, нясе іллюстратыўны характар


У лістападзе 2018 гадоў ў будынку Мсціслаўскага РАУС участковы інспектар міліцыі, малодшы лейтэнант Мікалай Раеў збіў двух затрыманых – беспрацоўнага Швядкова А.М. і індывідуальнага прадпрымальніка Купчына Н.А. Доказ гэтага апублікаваў блогер Сцяпан Святлоў, размясціўшы адпаведную зводку ў сваім телеграм-канале.

Згодна з ёй, Раеў прычыніў абодвум мужчынам цялесныя пашкоджанні. Нягледзячы на тое, што інцыдэнт здарыўся яшчэ ў лістападзе, кантракт з міліцыянтам скасавалі толькі 6 лютага гэтага года. У сувязі са здарэннем Мсціслаўскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў па ч. 3 арт. 426. Калі віна былога ўчастковага будзе даказаная, то яму пагражае ад 3 да 10 гадоў турмы.

Інсайд пацвярджаецца тым, што ў Мсціслаўскім РАУС сапраўды служыў ўчастковы Мікалай Раеў. Паводле даведкі з сайта Мсціслаўскага раённага выканкама, ён абслугоўваў тэрыторыю Краснагорскага сельсавета.

Больш за тое, згодна з планам правядзення сустрэч з насельніцтвам, Мікалай Раеў павінен быў выступаць 13 лютага ў рамках Адзінага дня інфармавання.

Профіль засвяціўшагася экс-міліцыянта ёсць, мяркуючы па ўсім, у «Вконтакте». Там ён падпісаны як Нік Гарбачоў. Год нараджэння супадае з тым, які апублікаваў блогер – 1986 год. Акрамя гэтага, чалавек на фатаграфіі ў аккаўнце Ніка Гарбачова вельмі падобны на фота ў даведцы з сайта Мсціслаўскага райвыканкама.

Паводле дадзеных з сацсеткі, у экс-міліцыянта ёсць сын і жонка (магчыма былая).