Трое магілёўцаў атрымалі мінімум па тры гады калоніі, такая ж доля можа чакаць і чацвёртага. Зрэшты, на лаве падсудных магло быць яшчэ больш чалавек – аднак мясцовы Следчы камітэт, здаецца, перахітрыў сам сябе.
Суд Круглянскага раёна 19 красавіка прызнаў вінаватымі магілёўцаў Вольгу Клімкову, Сяргея Скока і Максіма Сяргеенка ў здзяйсненні злоснага хуліганства групай асобаў (ч. 2 арт. 339 КК РБ), а таксама абразе прэзідэнта (ч. 2 арт. 368 КК РБ).
Іх абвінавацілі ў тым, што яны “вырабілі шэсць роставых лялек з цынічнымі надпісамі і малюнкамі вышэйшых службовых асоб, размясцілі іх на пуцеправодах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сеткі“, як паведамляла МУС.
Вядома, што Клімковай ў віну паставілі той факт, што як мінімум некаторыя «лялькі» вырабляліся ў яе дома, а Сяргеенка – што ён дапамагаў з рэчамі для іх.
У выніку рашэннем суддзі Дзмітрыя Сасноўскага, Вольга Клімкова атрымала 3 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Сяргей Скок – 3 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Максім Сяргеенка – 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Усе трое прызнаныя праваабарончай супольнасцю Рэспублікі Беларусь палітычнымі вязьнямі.
На дадзены момант гэта самы «масавы» палітычны прысуд у Магілёўскай вобласці. І ў хуткім часе колькасць абвінавачаных па справе аб «ляльках» стане больш.
ЧАТ «АДРАДЖЭННЕ»
Пачалося ўсё з закрытага чата «Адраджэнне», у якім было каля 20-25 чалавек – у тым ліку удзельнікі «лялечнага справы». Як і калі менавіта сілавікі выйшлі на гэты чат – невядома, але ў следства быў поўны спіс нікаў людзей, якія былі чальцамі чата. Напрыканцы лістапада было затрымана каля дзясятка людзей, у тым ліку чалавек, які лічыўся стваральнікам чата.
Тады ж былі затрыманыя Скок і Сяргеенка, крыху пазней – Клімкова. Фігурантаў справы было значна больш – але большасць атрымалі статус падазраваных або сведак.
Яшчэ тады склалася ўражанне, што жвавасць, з якой мясцовы міжраённы аддзел Следчага камітэта стараецца раскруціць гэтую справу – гэта спроба не адстаць ад следчых з іншых абласцей Рэспублікі Беларусь, у якіх крымінальныя справы сыпаліся як з рога багацця. Ёсць цвёрдае адчуванне, што яшчэ год назад «лялькі», якія адсылалі да чыноўнікаў або сілавікоў пацягнулі б максімум на адміністрацыйны артыкул.
Для параўнання, за збіццё магілёўцаў сілавікамі ў жніўні і кастрычніку 2020 года не было заведзена ніводнай крымінальнай справы, нават у самых відавочных выпадках.
ДРУГІ ЭПІЗОД
Красавіцкі суд над Клімковай, Скокам і Сяргеенка нечакана зрабілі закрытым. Фармальна, прычыну патлумачылі тым, што ў сведках ёсць людзі, якія праходзяць па крымінальнай справе, звязанай ужо з іншымі «лялькамі».
Мы не проста так напісалі, што людзей, якія атрымалі тэрміны, магло быць значна больш. У лютым 2021 года быў затрыманы Зміцер Лукашэвіч – магілёвец, якога таксама лічаць датычным да «лялек». Але ўжо іншых.
Яшчэ падчас лістападаўскіх затрыманняў, ператрусаў і допытаў у адной з удзельніц чата «Адраджэнне» быў канфіскаваны кампутар, на якім былі фатаграфіі спалення лялек у пустынным месцы паміж Магілёвам і вёскай Гаі.
Удзельніцу чата хутка зрабілі падазраванай, пратрымалі трое сутак у ІЧУ, але потым выпусцілі на волю. Але – што важна – следчая забрала пашпарт.
Увогуле, пашпарты забралі яшчэ мінімум у трох чалавек, якіх падазравалі ў магчымай датычнасьці да эпізоду. Верагодна, гэта было зроблена, каб не прыцягваць залішняй увагі да справы змяшчэннем кучы народа ў СІЗА, і, ў той жа час, не даць ім пакінуць краіну.
Атрымалася так сабе. Па дадзеных MSPRING.MEDIA, невядома як, але ў двух чалавек без пашпартоў атрымалася з’ехаць з Беларусі. Прычым адна з жанчын, як распавёла нам дасведчаная крыніца, з’яўлялася досыць важнай сведкай па эпізодзе, за які асудзілі Скока, Сяргеенка і Клімкову. Нядзіўна, калі гэта было адной з прычын, чаму суд у Круглым зрабілі закрытым.
На дадзены момант вядома, што матэрыялы крымінальнай справы Дзмітрыя Лукашэвіча па другім эпізодзе ўжо накіраваныя ў суд Магілёўскага раёна. Судзіць яго, па папярэдніх дадзеных, будзе суддзя Максім Курпачанка.
РЭАЛЬНЫ ТЭРМІН ЗА КУКЛЫ – ГЭТА МАЛА?
У ходзе працэсу над Скокам, Клімковай і Сяргеенка дзяржаўны абвінаваўца Арцём Налівайка запатрабаваў для кожнага па пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Каб вы разумелі, за наўмыснае забойства па ч.1 арт. 139 КК РБ даюць ад 6 гадоў, за давядзенне да самагубства – да 3 гадоў, а, напрыклад, за рабаванне па ч. 1 арт. 206 КК РБ – да 4 гадоў.
Суддзя Сасноўскі даў усім траім па 3-3,5 года калоніі і, здавалася б, гісторыя скончаная.
Аднак на гэтым тыдні стала вядома, што пракуратура Круглянскага раёна падала пратэст на прысуд з-за яго мяккасці. Магілёўскі абласны суд павінен будзе разгледзець пратэст і, у выпадку згоды, павысіць тэрміны удзельнікам.
У гэтай жа сувязі не самае прыемнае развіццё падзей можа чакаць і Дзмітрыя Лукашэвіча, на якім, ёсць адчуванне, могуць адарвацца па поўнай – і за «мяккасць» прысуду па першым эпізодзе, і за іншых фігурантаў, якія з’ехалі з краіны.