Журналіст лічыць, што яго хочуць незаконна “сплавіць” у войска.
23 траўня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі. Здымак – Буракоў і Бухель накіроўваюцца да будынку суда Ленінскага раёна
Незалежны журналіст Аляксандр Буракоў разам з праваабаронцам Барысам Бухелем падалі скаргу ў суд на рашэнні гарадской і абласной прызыўных камісій.
– З рашэннем, што я «прыдатны з абмежаваннямі» як і раней, я, вядома ж, не згодны. У мяне ёсць абгрунтаванні сваёй слушнасьці наконт таго, да якога з пунктаў мяне адносіць – да «не прыдатны ў мірны час» ці «прыдатны з абмежаваннямі». Не буду пра гэта распаўсюджвацца зараз – пакіну для суда, – пракаментаваў Аляксандр Буракоў.
Ён не выключае магчымых правакацый з боку ваенкамата:
– Раней я ўжо казаў пра тое, што абодва разы, калі я быў на адборы ў вайсковыя часткі, ад мяне адмаўляліся. Нягледзячы на гэта, ваенкамат выдаў мне позву на адпраўку 26 траўня. Зараз я падаў скаргу ў суд – згодна з Законам аб вайсковым абавязку, рашэнне прызыўной камісіі пры гэтым прыпыняецца. Такім чынам, нікуды мяне адпраўляць не павінны. Але я разумею, якая логіка ў “вайскоўцаў” і не выключаю, што 26 траўня да мяне на дом завітае хто-небудзь з ваенкамата з міліцыянтамі і сілавым метадам даставяць на адпраўку, як “касінера”. Вядома, што адтуль я ўжо наўрадці змагу што-небудзь даказаць. Таксама я не выключаю, што дату суда могуць прызначыць ў бліжэйшыя два дні, каб паспець «вырашыць пытанне» да адпраўкі, – заяўляе прызыўнік.
Праваабаронца Барыс Бухель, які суправаджае справу Буракова, лічыць галоўным у сітуацыі палітычны складнік:
– Спроба прызваць Аляксандра незаконная, што відавочна па медыцынскіх паказчыках, зыходзячы з тых дакументаў, што ёсць у нас, і афіцыйных патрабаванняў да прызыўнікоў. Відавочна праглядаецца палітычны падтэкст у гэтай справе. У дадзеным выпадку ўлады выкарыстоўваюць прызыўную кампанію, як інструмент палітычнага ціску. Хочуць напярэдадні выбарчай кампаніі ізаляваць аднаго з нешматлікіх незалежных журналістаў Магілёва – гэта істотна, паколькі ў нас іх і так няшмат. Мы перакананыя, што закон на нашым баку. Будуць парушаць – будзем скардзіцца, – заявіў Барыс Бухель.