Людзей з інфекцыяй там не ізалявалі, антысептыкаў і масак бракавала.

23 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Пракуратура Бялыніцкага раёна апублікавала дадзеныя аб парушэннях у мясцовым доме-інтэрнаце.

Згодна з іх дадзенымі, кіраўніцтва ўстановы не прадугледзела памяшканне для ізаляцыі, калі хтосьці з пастаяльцаў дома-інтэрнэту захварэе на каранавірус:

«У доме-інтэрнаце арганізавана прыёмна-каранціннага аддзяленне, разлічанае на 6 чалавек. Пры гэтым магчымасць перапрафіляваць жылыя памяшканнi для ізаляцыі грамадзян, калі яны захварэюць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, не была прадугледжана. Адсутнічала і выразная рэгламентацыя перамяшчэння работнікаў унутры ўстановы і кантактаў з асобамі, якія там знаходзяцца», – паведаміла прэс-служба пракуратуры.

Людзей, у якіх дыягнаставалі сімптомы вострых рэспіраторных захворванняў, не змяшчалі ў ізалятары.

Таксама пракуратура выявіла недахоп масак, антысептыку і сродкаў дэзінфекцыі. Супрацоўнікі дома-інтэрната, непасрэдна занятыя абслугоўваннем грамадзян, не ў поўным аб’ёме былі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны органаў дыхання, адзначаецца ў заяве пракуратуры.

Акрамя таго, у сталовай ўстановы не былі створаны ўмовы для захавання сацыяльнай дыстанцыі сярод пастаяльцаў – сталы ў зале расставілі на адлегласці менш 1,5 м адзін ад аднаго.

Парушэнні, па дадзеных пракуратуры, ужо ліквідаваны. 5 чалавек з ліку кіраўнікоў бялыніцкага дома-інтэрната былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.