У шклоўскай калоніі адкрылі інтэрнэт-краму

Шклоўская ПК-17 адкрыла першую інтэрнэт-краму для вязняў.

ПУ «ПК №17», дзе загінуў палітычны вязень Вітольд Ашурак славіцца сваімі жорсткімі норавамі. Пра гэта мы ўжо пісалі.

«Сямнашка». Што адбываецца ў месцы, дзе загінуў Вітольд Ашурак

Але, як аказалася, начальнік шклоўскай калоніі, па словах былых зняволеных, сапраўды мае камерцыйную жылку і марыць аб пераводзе ў Менск.

Каб сваякі зняволеных не трацілі грошы недзе ў пошуках патрэбных прадуктаў або рэчаў, ім прапанавана несці іх у адмыслова створаную інтэрнэт-краму. У Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь яна была зарэгістраваная пад брэндам ik17mag.by яшчэ ў лістападзе 2020 года. З таго часу йшла адладка сайта https://ik17mag.by.

Цяпер паблікі, прысвечаныя калоніі, посцяць няхітрую рэкламу:

Не жадаеце мардаваць сябе доўгім чаканнем у доўгіх чэргах крамаў для пакупкі прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, марнаваць грашовыя сродкі на адпраўку пасылак і бандэроляў у паштовых аддзяленнях, дастаўляць цяжкія сумкі з прадуктамі харчавання блізкім сваякам, якія знаходзяцца ў нашай установе? Адміністрацыя ПУ «ПК №17» прапануе Вам наведаць наш Інтэрнэт-крама www.ik17mag.by.”

Асартымент уражвае. Толькі каўбасных вырабаў 26 найменняў. На кожнай пазіцыі, у параўнанні з цывільных крамамі, калонія “варыць” прыкладна ад 50 капеек да 1 рубля. У прынцыпе, гэта кошты турэмнай крамы, куды зняволеныя ходзяць на атаваркі. Там жа яны і будуць забіраць аплачаны заказ.

Ідэя падаецца нядрэннай. Замест марнавання часу на афармленне перадачы або пасылкі для тых, хто адбывае пакаранне – а трэба выканаць вагу да 50 кг, усё распакаваць, выдаліць абгортку і г.д. – прапануецца з дапамогай інтэрнэту аформіць змесціва электроннага “кошыку”, якую адміністрацыя калоніі даставіць адрасату. Галоўны плюс тут – не будзе парушаная цэласнасць ўпакоўкі, а зручнасць ў захоўванні да гэтага часу была недазваляльнай раскошай.

Да таго ж акрамя аплаты кошыка заказу яшчэ ёсць і функцыя так званага “Сертыфіката”, што выклікала ў сваякоў асуджаных найбольшую цікавасць. А падчас палітычнага крызісу, які перажывае наша краіна, гэта яшчэ і выдатная магчымасць падтрымаць палітвязняў. Як абвяшчае рэклама на сайце: “Прымаем замовы з усяго свету”:

Праўда, тут ёсць некалькі нюансаў. Падарункавыя сертыфікаты на самай справе электронныя, а правам іх набыцця валодаюць толькі фізічныя асобы, старэйшыя за 18 гадоў з ліку блізкіх сваякоў асуджаных, якія адбываюць тэрмін пакарання ў ПУ «ПК № 17», якія прайшлі рэгістрацыю на сайце інтэрнэт-крамы. Гэта значыць, па-ранейшаму, зрабіць гэта могуць толькі сваякі. Але вось аплаціць ужо можа хто заўгодна: выплочваецца сума, роўная намінальнаму кошту Сертыфіката, з дапамогай выкарыстання банкаўскай карты VISA, MasterCard, БелКарт праз сістэму Assist Belarus, альбо шляхам онлайн аплаты праз АРІП.

Ну і яшчэ важны аспект – рэалізацыя падарункавых сертыфікатаў ажыццяўляецца ў электроннай форме праз сайт ik17mag.by, пры становішча атрымальнікаў пасылкі (перадачы) бандэролі (дробнага пакета). Гэта значыць, у залежнасці ад рэжыму, які ніхто не адмяняў. Затое на атаварку Сертыфіката адведзена ўсяго тры працоўныя дні пасля аплаты пакупніком замовы, а значыць, цягнуць з перадачай ніхто не будзе (па меншай меры так абяцаюць).

Ці з’явяцца падобныя інтэрнэт-крамы ў іншых калоніях, гэта будзе залежаць ад паспяховасці гэтага, па сутнасці, пілотнага праекта. Ідэя відавочна падгледжана ў расійскага ФСВП. Там ужо даўно інтэрнэт-гандаль даступны ў большасці папраўчых устаноў, і нават ёсць сэрвіс, які абслугоўвае ўсіх без выключэння зняволеных.