Кароткая аўдыёхроніка сходу, на якім кіраўніцтва МДУ ім. А. А. Куляшова, па сутнасці, загадала студэнтам пайсці на датэрміновыя выбары і агітавала за Аляксандра Старавойтава.
6 верасня. Магілёў. Актавая зала корпуса №4 МДУ ім. А. А. Куляшова. Ігар Лазоўскі
Сустрэчы студэнтаў і кіраўніцтва беларускіх ВНУ напярэдадні выбараў падобныя на адзюльтэр, пра які ведаюць усе навакольныя. Ведаюць сябры ўчастковых камісій, ведаюць назіральнікі, ведаюць кандыдаты і іх давераныя асобы. Здрады Выбарчаму кодэксу ў актавых залах навучальных устаноў напярэдадні галасавання адбываюцца занадта часта, каб быць сакрэтам. Часам не хапае толькі дакументальных доказаў. Напрыклад, аўдыёзапісаў, якія мы здабылі на сустрэчы рэктарата са студэнтамі МДУ.
На афіцыйным сайце ВНУ навіна пра гэта мерапрыемства ўжо ёсць. Называецца яна “Інтэрнаты МДУ імя А. А. Куляшова становяцца добраўпарадкаванымі і камфортнымі для пражывання, хоць, вядома, не ўсе праблемы яшчэ вырашаны.” Аб выбарах у загалоўку, як вы можаце заўважыць, ні слова. У тэксце пра галоўную палітычную падзею года адна толькі цытата рэктара Канстанціна Бандарэнкі:
– Я спадзяюся на тое, што ў студэнтаў МДУ імя А. А. Куляшова, аднаго з найстарэйшых ВНУ краіны, хопіць мудрасці, грамадзянскай сталасці, адказнасці перад беларускім народам выбраць годных кандыдатаў, здольных ствараць і прымнажаць дабрабыт людзей і дзяржавы, – адзначыў Канстанцін Бандарэнка .
Прыгожа.
А цяпер глядзім і слухаем тое, што на самой справе казаў рэктар і яго падначаленыя.
Канстанцін Бандарэнка спрабуе непрыкметна агітаваць за Аляксандра Старавойтава
“… Пераходзім да другога пытання. Яно звязана з палітычнай падзеяй, якая павінна адбыцца ў жыцці нашай дзяржавы. Я прыйшоў вас не агітаваць, на тое, каб вы галасавалі за нейкага канкрэтнага чалавека, нейкую канкрэтную кандыдатуру. Хоць адкрыта хачу вам сказаць, што мае сімпатыі – на баку Аляксандра Генадзьевіча Старавойтава, які тут прысутнічае. Я не буду пра яго распавядаць , ён сам пра сябе раскажа. Ну а выбіраць вам, за каго галасаваць. Асабіста я буду галасаваць за яго … “.
Канстанцін Бандарэнка прама гаворыць аб тым, што выбары неабходна завяршыць у адзін тур
“… Вось з такой просьбай хачу да вас звярнуцца. Студэнты, якія пражываюць у інтэрнаце – гэта тая лакмусавая паперка, па якой выяўляюць палітычную сталасць вышэйшай навучальнай установы, у тым ліку і нашага універсітэта. У вас замацаваныя Канстытуцыяй не толькі права, але і абавязак прыняць удзел у выбарчай кампаніі. У вас ёсць канстытуцыйнае права прагаласаваць, але ёсць яшчэ і грамадзянскі абавязак гэта права рэалізаваць. Справа ўся ў тым, што выбары – вельмі дарагая справа. І гэтыя грошы, якія ідуць на выбары – гэта грошы падаткаплацельшчыкаў. Вы іх не плаціце. Падаткі плацяць вашыя бацькі. Але гэта таксама вашыя грошы. Бо чым больш бацька ці маці заплацяць гэтых грошай, тым менш вам дастанецца. Далей. Калі выбары не адбудуцца, то гэтыя грошы, затрачаныя на першы тур, вылецяць на вецер. І тады дзяржаве прыйдзецца адшукваць яшчэ дадатковыя сумы за кошт нас з вамі, падаткаплацельшчыкаў, каб правесці другі тур. Які таксама пацягне немалую суму. Таму нам неабходна зрабіць усё для таго, каб выбары адбыліся ў першым туры. Яшчэ раз скажу – каго вы вылучыце, за каго прагаласуеце – гэта ваша асабістая справа … “.
Канстанцін Бандарэнка агітуе прагаласаваць да суботы
“… Ужо пачалося датэрміновае галасаванне. Сёння я быў на сходзе ў губернатара, паўтары гадзіны ішло абмеркаванне і давялося кожнаму рэктару даваць справаздачу губернатару, што зроблена для таго, каб выбары адбыліся і мы годна правялі іх. Мы пакуль выглядаем не горш за іншых на агульным фоне. Але хачу шчыра вам сказаць. Дзесьці да суботы мы павінны ведаць прыкладную колькасць людзей, якія прагаласавалі датэрмінова. Я яшчэ раз кажу: за каго – не важна, вас ніхто пытацца не будзе … “.
Канстанцін Бандарэнка пагражае непрагаласаваўшым нейкім “спісам няўдачнікаў”
“… І яшчэ адзін момант. Многія з вас збіраюцца паехаць дадому … І адкладаецца галасаванне. [Думаюць] Ну прыеду ў нядзелю з дому і схаджу прагаласую. Раптам аўтобус не прыйшоў. Раптам захварэлі. Раптам нешта яшчэ здарылася. Ну, непрадбачаныя абставіны. І не з’явіліся ў нядзелю, не паспелі да часу заканчэння галасавання. І патрапілі ў так званыя “спісы няўдачнікаў”. Каб гэтага пазбегнуць – не адкладайце ў доўгую скрыню. Бярыце пашпарты. У нас гэтыя ўчасткі працуюць … Прагаласавалі і спакойна з’ехалі па хатах … “.
Людміла Набокава, начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю МДУ ім. А. А. Куляшова, папярэджвае, што тых, хто не прагаласаваў, вылічаць
“З кандыдатам, за якога я буду я галасаваць, я ўжо вызначылася. Пайду з 13 па 14 гадзіну [галасаваць]. Нашы супрацоўнікі, я нават ведаю, прагаласавалі на ўчастку, які размешчаны ва ўніверсітэце, выканалі свой грамадзянскі абавязак. Хлопцы і дзяўчаты. Праверыць, галасавалі вы ці не галасавалі вельмі лёгка. Ёсць шмат кантралёраў – гэта і куратары, і выхавальнікі, і намеснікі дэканаў, якія таксама, дарэчы, прысутнічаюць на гэтай сустрэчы. Але галоўны кантралёр, які павінен вызначыць вашы паводзіны – вашае сумленне …. “
Падчас сустрэчы слова браў кандыдат у дэпутаты Аляксандр Старавойтаў, які прадставіў сваю праграму і паабяцаў у выпадку абрання ў Палату прадстаўнікоў вырашаць тыя праблемы, у якіх ён разбіраецца – медыцына, гарадское развіццё і веласцежкі.
Да яго б не было пытанняў, калі б не месца правядзення сустрэчы. Адміністрацыя Ленінскага раёна сваім рашэннем ад 22 лiпеня вызначыла спіс месцаў, дзе кандыдатам у дэпутаты дазволеныя сустрэчы з выбаршчыкамі. Актавай залы корпуса №4 МДУ ім. А. А. Куляшова там няма. Як і пакоя адпачынку інтэрната №3, дзе Старавойтаў сумесна з рэктаратам праводзіў сустрэчу са студэнтамі днём раней – 5 верасня.
P.S. На ўчастку №42, дзе павінна прагаласаваць частка студэнтаў ВНУ, на другі дзень датэрміновага галасавання пабывала ўжо больш за сотню выбаршчыкаў.