Ён прызначаны на 30 траўня і адбудзецца ў рэстаране “Любужскі замак”. Адзначым, што гэта ўжо трэцяе месца за апошнія два тыдні, дзе прадпрымальнікі прызначаюць сваю сустрэчу.

24 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – tut.by


Нагадаем, што першапачаткова сход планавалася правесці 23 траўня ў канферэнц-зале гасцініцы “Магілёў”, аднак там спаслаліся на тое, што не могуць правесці форум з-за “інвестыцыйных мерапрыемстваў”. З-за гэтага лідэру прадпрымальніцкага рэспубліканскага аб’яднаньня “Перспектыва” Анатолю Шумчанку прыйшлося экстранна шукаць новае месца.

Папярэднюю згоду на правядзенне форуму дала гасцініца «Турыст». Аднак і тут бізнэсоўцаў хутка напаткала расчараванне: 18 траўня кіраўніцтва «Турыста» адмовілася праводзіць мерапрыемства:

– Толькі што патэлефанавалі з гасцініцы «Турыст» горада Магілёва і адказалі з нагоды нашай заяўкі на форум 30 траўня: у сувязі з заменай абсталявання, нейкага сервера, ўсе залы будуць закрытыя да канца месяца! Нагадаем, што яшчэ ўчора ўсе канферэнц-залы былі свабодныя і праблем не было абсалютна ніякіх! Зараз ясна, што мясцовыя ўлады панічна баяцца прадпрымальнікаў і іх сходаў, тым самым паказваючы сваё сапраўднае аблічча! Мы ўсё роўна правядзем форум прадпрымальнікаў у горадзе Магілёве! Зараз для нас гэта прынцыповае пытанне! – Пракаментаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы сітуацыю Шумчанка.

23 траўня пытанне з месцам усё ж такі вырашыўся – “Пэрспэктыва” запэўніла, што форум дакладна адбудзецца ў рэстаране «Любужскі замак». Запрашэнне на сустрэчу з прадпрымальнікамі было таксама выслана ў Магілёўскі аблвыканкам.
На форуме плануецца абмеркаваць шляхі развіцця адкрытага дыялогу паміж мясцовай уладай і дробным бізнэсам, у прыватнасці, ўзаемадзеяння бакоў па Указу прэзідэнта №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці». Таксама бізнэсоўцы збіраюцца прааналізаваць бягучы стан спраў у гэтай сферы.

Пачатак форуму – у 13 гадзін дня 30 траўня.