У цэнтры горада зноў аблілі фарбай помнік ахвярам Халакоста.
20 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Паведамленні пра гэта і фатаграфіі з’явіліся ў сацсетках ўначы з 19 на 20 лістапада. Помнік аблілі зверху чорнай фарбай. Раніцай непадалёк быў знойдзены бак ад яе. Міліцыя ўжо шукае правапарушальнікаў.
Упершыню помнік быў апаганены ў чэрвені 2012 года – тады яго аблілі аранжавай фарбай. Па версіі органаў унутраных спраў, вiнаватым аказаўся чалавек без пэўнага месца жыхарства, які расплюхаў фарбу падчас вывучэння змесціва бака. Тады ёмістасць таксама была знойдзена недалёка ад месца правапарушэння. Адзначым відавочнае падабенства абодвух эпізодаў паміж сабой.
Літаральна за некалькі метраў ад помніка ахвярам Халакоста знаходзіцца сцяна, якая доўгі час служыла палатном для вулічных мастакоў, у тым ліку – з неанацысцкімі і антысеміцкімі поглядамі. На працягу некалькіх гадоў там былі намаляваныя нацысцкія сімвалы (на галоўным фота). Зафарбавалі сцяну толькі ў гэтым годзе.