З 1 кастрычніка “Белпошта” адмовілася ад бандэролей. Сітуацыя з пасылкамі ў папраўчыя калоніі пакуль не праяснілася.
На афіцыйным сайце “Белпошты” ў раздзеле “Паштовыя адпраўленні” (на фота ніжэй) засталася толькі ўкладка “Пасылкі” (па кодзе “BP”).
Інфармацыя аб скасаванні такіх адпраўленняў, як бандэроль або дробны пакет (па кодзе “VV”) пацвердзілася.
Як будзе забяспечвацца выкананне Крымінальна-выканаўчага кодэкса (КВК), які прадугледжвае некалькі бандэролей у год для асуджаных, пакуль не вырашана.
Пасля паведамлення MSPRING.MEDIA пра новаўвядзенне ў мінулую пятніцу сваякі асуджаных пачалі масава званіць у паштовыя аддзяленні і ў спецаддзелы калоній. Як і меркавалася, Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП МУС) не быў у курсе змяненняў у працы пошты, а паштовыя работнікі не надта інфармаваныя пра патрэбы зняволеных.
Як патлумачылі ў адным з паштовых офісаў, у якасці часовай меры па просьбе адпраўнікоў бандэролі могуць пакуль афармляцца на старых бланках, пакуль не скончацца іх запасы. Але новыя бланкі ўжо не заказваюць, іх хопіць прыкладна на месяц-два.
У спецаддзелах калоній адказваюць, што ўсю інфармацыю трэба даведвацца на асабістым прыёме ў адміністрацыі. Відавочна, звароты грамадзян сталі там вялікай нечаканасцю. Але там падкрэсліваюць, што ніякіх зменаў у КВК пакуль не было.
Нагадаем, КВК наўпрост прывязаны да старой лінейкі паслуг пошты, што прапісана ў артыкулах 118-125. Напрыклад, пры агульным рэжыме (арт.118-3 КВК) асуджаны мае права атрымліваць чатыры пасылкі або перадачы і дзве бандэролі або два дробныя пакеты цягам года.
Раней памылкі ў кодзе двухкілаграмовай бандэролі некаторым вязням каштавалі пасылкі ў 50 кг. Пры няправільным афармленні бандэроль залічваецца адміністрацыяй калоніі як рэжымная пасылка, і тады вязень пазбаўляецца права на яе, пакуль не скончыцца пэўны час у некалькі месяцаў. Цяпер бандэроляў увогуле няма.