Апошнім часам у сацыяльных сетках павялічылася колькасць зваротаў з просьбай данаціць палітвязням, якія па факце аказваюцца «славянскімі нацыяналістамі». MSPRING.ONLINE разабраўся ў пытанні.
26 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Падобнае паведамленне атрымаў і ўдзельнік валантэрскай службы MAYDAY. Мэсэдж прыйшоў з відавочна фэйкавага акаўнта «Аляксандр Узнікаў» у адной з папулярных сацыяльных сетак. Вось як гэта выглядае:
Далей мы вырашылі прайсці па спасылцы, мяркуючы, што нехта заняўся краўдфандынгам для падтрымкі палітычных актывістаў. Але першае, што кінулася ў вочы і здзівіла – загалоўная карцінка спецыяльна створанай старонкі. На ёй імперскі расейскі сцяг суседнічае з жоўта-блакітным украінскім і з палотнішчам з намёкам на бел-чырвона-белы колер. Як такое можа быць?
Карцінку забяспечылі тэкстам, у якім гаворыцца пра тое, што кожны, хто “залічвае сябе да славянскіх нацыяналістаў, абавязаны пранікнуцца іх укладам у справу барацьбы і ўсвядоміць для сябе неабходнасць падтрымкі паплечніка, дапамогі і намаганняў, накіраваных на тое, каб ні адзін з ваеннапалонных ня заставаўся забытым і кінутым“.
Слова “ваеннапалонны” пры гэтым выкарыстана наўмысна. Абрэвіятура P.O.W. расшыфроўваецца, як Prisoner of War, што ў перакладзе і значыць ваеннапалонны.
Далей старонка прапануе напісаць адміністратару пра гатоўнасць далучыцца. Высветлілася, што на гэтай платформе створана сістэма для збору сродкаў, якая прадугледжвае абавязковыя штомесячныя ўнёскі. Для беларусаў вызначана сума ў 10 рублёў і магчымасць папаўняць sim-карту аднаго з мабільных аператараў. Для расейцаў даступная платформа для збору сродкаў Яндэкс.Грошы.
Далей у рубрыцы «Пра нас» стаіць інфармацыя пра тое, што асуджаны (падследны), незалежна ад артыкула, паводле якога ён асуджаны (абвінавачаны), мае права як на абарону ад незаконнага ціску, катаванняў, так і на адстойванне яго іншых правоў чалавека.
Арганізацыя нібыта займаецца пошукам асуджаных, наладжваннем сувязі з іх сваякамі, разглядае заяўкі на забеспячэнне падтрымкі ў кожным канкрэтным выпадку крымінальнага пераследу.
Пры гэтым у дапамогі адмаўляюць пры здзяйсненні бессэнсоўнага або жорсткага гвалтоўнага злачынства, сэксуальным гвалце і тым, хто (цытата) “мае вострую непрыхільнасьць да Беларусаў, Рускіх, Украінцаў“.
Рубрыка «Праекты» выглядае вось так:
Бянтэжыць графа «Падтрымка асуджаных нацыяналістаў». Мы зазірнулі ў спіс беларусаў, якіх P.O.W.s. лічыць «ваеннапалоннымі» альбо вязнямі сумлення. Тэрміны – па 20 гадоў пазбаўлення волі.
Так, нехта Іван Акуленка мае тэрмін: 2004-2029 г.г. У тлумачэнні гаворыцца: “Вядзе здаровы лад жыцця. Займаецца спортам. З 2003-га года знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі за двайное забойства (чачэнец). Пракуратура прасіла для Івана пажыццёвае зняволенне. Але суд усё ж такі змякчыў пакаранне на 25 гадоў ва ўмовах строгага рэжыму”.
Таксама вялікі тэрмін мае Мікалай Іваноў: 2002-2023 г.г. У тлумачэнні гаворыцца: “Адбывае за забойства. Абвінавачваўся не па забойстве, а па хуліганцы. Падчас следства, за адсутнасцю дастаткова добрых юрыдычных паслуг, не змог даказаць недатычнасць да забойства”.
Трэці беларус у гэтым спісе – гэта Яўген Красілевіч. Публікуецца нават яго фота:
У тлумачэнні гаворыцца: “Віцебскі абласны суд абвясціў прысуд групе хлопцаў, якіх абвінавачвалі ў злосным хуліганстве, распальванні расавай і нацыянальнай варожасці і розні, іншых злачынствах. Ключавы фігурант справы – 20-гадовы жыхар Віцебска Станіслаў Ганчароў, які ваяваў у Украіне на баку АТА і вядомы па мянушцы “Тэрор-машына”, атрымаў 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з ім па справе праходзілі яшчэ сямёра хлопцаў ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме і доўжыўся амаль тры месяцы … 20-гадовы Яўген Красілевіч, правядзе 6 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму“.
Таксама сярод фігурантаў «беларускага спісу» лічыўся Сяргей Скоўпень (тэрмін: 2015-2019) і Андрэй Шчыглінкас (2014-2019). Скоўпень таксама быў фігурантам «справы Ганчарова», а Шчыглінкас ў 2013 годзе здзейсніў ўзброены напад на прадстаўніка анты-фашысцкага руху.
Што ж тычыцца расійскіх калегаў «ваеннапалонных», то практычна ўсе яны, былі чальцамі ультраправых груповак, атрымалі тэрміны за распальванне нацыянальнай нянавісці, ксенафобію і забойствы выхадцаў з Каўказа і Сярэдняй Азіі.
Як жа ставіцца да такіх «ваеннапалонных»? Па каментар MSPRING.ONLINE звярнуўся да намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча:
«Па стане на сёння праваабарончая супольнасць Беларусі адназначна прызнае палітычнымі вязнямі толькі трох чалавек – гэта Міхаіл Жамчужны і актывісты анархісцкага руху Іван Комар і Мікіта Емяльянаў. Важна, што рашэнне было прынята на аснове Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны вязень“.
Гэты дакумент быў распрацаваны рабочай групай праваабаронцаў з Азэрбайджана, Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Гэта значыць, мы можам казаць, што ім карыстаюцца праваабаронцы ўсёй постсавецкай прасторы. Быў выкарыстаны досвед і Савета Еўропы, і “Міжнароднай Амністыі”.
У Кіраўніцтве асобна сказана, што палітычным вязнем не можа быць прызнана асоба, якая ўчыніла гвалтоўнае правапарушэнне супраць асобы за выключэннем выпадкаў неабходнай абароны. Не можа быць прызнаны палітвязнем і чалавек, які здзейсніў злачынства супраць асобы або уласнасці на глебе нянавісці ці які заклікаў да гвалту па нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійных прыкметах. І што тычыцца вышэй апісанай сітуацыі, тут я б паставіў кропку».