Палітык з Магілёва сцвярджае, што страціў працу з-за фота з экс-прэзідэнтам Украіны

Аляксей Кірыенка з Аб’яднанай грамадзянскай партыі заявіў, што яго папрасілі сысці з прыватнай фірмы па просьбе дзяржзаказчыка.


20 сакавіка. Магілёў. Алесь Светлицкий / фота – Facebook Аляксея Кірыенка


Намеснік старшыні кіраўніка арганізацыі “Маладыя дэмакраты” (моладзевае крыло партыі АГП) Аляксей Кірыенка паведаміў у сваім Facebook аб звальненні з працы па палітычных прычынах.

Паводле яго слоў, у снежні 2019 году ён прыняў удзел у з’ездзе YEPP (Youth of the European People’s Party, моладзевая арганізацыя пры Еўрапейскай народнай партыі) у Кіеве.

На адным з мерапрыемстваў прысутнічаў былы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, з якім Кірыенка ўдалося зрабіць сэлфі, пасля чаго выклаў фота ў сацсеткі.

Па вяртанні ў Магілёў начальства фірмы паведаміла Аляксею, што з ім не хочуць працаваць заказчыкі з менскай фірмы «ЮрСпектр», якая займаецца вытворчасцю даведачных прававых прадуктаў:

– Справа ў тым, што да гэтага я больш за два гады абслугоўваў ПА “Кансультант Плюс” і Ilex ў дзяржорганах. Канфліктаў з кліентамі і карыстальнікамі ні разу не ўзнікла. Вядома, я быў далёка не ідэальным супрацоўнікам, была куча «касякоў», і я б нават зразумеў, калі б фармальна са мной разарвалі адносіны з-за іх, хоць магілёўскае кіраўніцтва мая праца, у цэлым, задавальняла.

Паводле яго слоў, менавіта прадстаўнікі «ЮрСпектр» перадалі яго кіраўніцтву, што адмаўляюцца ад працы з Кірыенка з фармулёўкай «чалавек, які займаецца палітыкай, не павінен абслугоўваць дзяржорганы».

– Дырэктар не сказаў, што трэба звальняцца. Сказаў, што яму тэлефанавалі мінчане, сказалі, што не жадаюць, каб я абслугоўваў дзяржорганы, бо займаюся палітыкай. Але дырэктар, рэспект яму, не стаў мяне звальняць, а прапанаваў перайсці ў аддзел продажаў, што мяне ўжо не зусім задавальняла, – распавёў Кірыенка.

Ён паведаміў, што папрацаваў да таго моманту, калі «Софтмастер» знайшоў яму замену і напісаў заяву па ўласным жаданні.