Але, у першую чаргу, з кіберзлачынцамі, вядома ж.

У Магілёўскай вобласці прыняты “Комплексны план мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце эфектыўных мер па супрацьдзеянні кіберзлачынствам і прафілактыцы іх здзяйснення на 2024-2025 гады”. Пад дакументам, які патрапіў у распараджэнне MSPRING.MEDIA, стаіць подпіс начальніка УУС Ігара Шчарбачэні (на галоўным фота – на першым плане).

УУС з’яўляецца і выканаўцам плана. Мяркуючы па напаўненні дакумента, ва ўладаў дзве праблемы – рэальны рост кіберзлачынстваў, з якімі змагацца не вельмі атрымоўваецца, і недзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы, якія пішуць пра палітыку.

Галоўны міліцэйскі начальнік вобласці ў абгрунтаванні дакумента піша, што “ўзмацняецца роля СМІ і глабальных камунікацыйных механізмаў на эканамічную, палітычную і сацыяльную сітуацыю“. А насельніцтва аказалася не гатова да імклівага развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу.

У дакуменце адзначаецца, што пачасцела выпадкаў вымагальніцтва, махлярства, распаўсюджвання наркотыкаў і іншых злачынстваў з дапамогай сеткі Інтэрнэт. У Магілёўскай вобласці за 2023 год колькасць зарэгістраваных кіберзлачынстваў павялічылася амаль на 30% і склала 1722 справы. Па ўсёй краіне рост склаў 23,5%.

Сярод тэматычных пасяджэнняў выканкамаў, ідэалагічных дзён і падрыхтоўцы брашур для пенсіянераў цікава выглядаюць пункты 9 і 10 Плана.

У 9-ым прадугледжаны комплекс захадаў, накіраваных на ўстанаўленне і прыцягненне да адказнасці асоб, а таксама ўладальнікаў інфармацыйных рэсурсаў, якія распаўсюджваюць матэрыялы “тэрарыстычнай/экстрэмісцкай накіраванасці“. Да ўсяго тут сабраныя і палітычныя навіны, і “тэлефонны” тэрарызм, і ананімныя пагрозы ў адрас асоб, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове.

А 10-ы пункт прадугледжвае абмежаванне доступу не толькі да інтэрнэт-рэсурсаў, але і да сродкаў забеспячэння ананімнасці (проксі-сервераў, сеткаў тыпу “Tor” і інш.), якія дазваляюць карыстальнікам атрымліваць доступ да заблакаваных сайтаў. Займацца гэтым павінны ўсе РАУСы.

Яшчэ генерал Шчарбачэня вырашыў паднапружыць мясцовы тэлеканал “Беларусь-4 Магілёў”. Мясцовых прапагандыстаў прымусяць часцей расказваць пра факты раскрыцця кіберзлачынстваў і затрыманні зламыснікаў. 29 лютага ўзгоднены дакумент накіравалі па ўстановах.