Па словах актывісткі Таццяны Сівачэнкі, у СШ №11 ўжо даўно няма нармальнага месца, дзе навучэнцы маглі б займацца фізкультурай.

25 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Член АГП Таццяна Сівачэнка разам з аднапартыйцамі распачала збор подпісаў для будаўніцтва новай спартыўнай залы ў сярэдняй школе №11.

– Нездарма ж Міністэрства адукацыі вылучае фінансаванне на пабудову спартзалаў у школах? Ды вось толькі не ва ўсіх школах магчыма займацца. У СШ №11 ўжо даўно няма нармальнай спартзалы і займацца фізкультурай вучням прыходзіцца абы-дзе, – распавяла Таццяна Сівачэнка.

З-за гэтага, на яе думку, праблема стаіць востра, бо заняткі ў няздатных памяшканнях могуць пакалечыць вучняў.

– Маладыя людзі плацяць за заняткі спортам вялікія грошы, каб падтрымліваць сябе ў добрай форме і быць здаровымі. Адзінае месца, дзе можна наведаць спартыўную залу бясплатна – гэта навучальныя ўстановы. Але ў СШ №11 такой магчымасці нет, – паведаміла Сівачэнка.

На дадзены момант пад калектыўным зваротам падпісаліся каля васьмідзесяці чалавек. Актывісты маюць намер перадаць подпісы старшыні гарвыканкама Уладзіміру Цумараву.