Галоўная мэта – спыніць умяшальніцтва дзяржавы ва ўнутраныя справы арганізацыі і спыніць крымінальны пераслед кіраўніцтва прафсаюза.

28 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота справа – Аляксей Яўгенаў


Прававы інспектар незалежнага прафсаюза работнікаў радыё-электроннай прамысловасці Аляксей Яўгенаў накіраваў у гарвыканкам заяўку на правядзенне пікету 15 сакавіка ў дазволеным уладамі месцы – стадыён па вуліцы Чалюскінцаў.

Арганізатар пагадзіўся ўзяць аплату ўсіх паслуг на сябе. Усё, што патрабуецца ад гарвыканкама – толькі дазвол.

«Праява салідарнасці з Беларускім прафсаюзам работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, спыніць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, спыніць неабгрунтаваныя выклікі да следчых ў якасці сведак членаў прафсаюза, спыніць крымінальны пераслед лідэраў прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комлік», – так апісаў мэту пікету Аляксей Яўгенаў.

На мірны сход плануецца сабраць да дзесяці чалавек. У выпадку згоды ўладаў, пікет пройдзе ў Дзень Канстытуцыі з 16 да 17 гадзін.