У лютым Аляксандр Хамратаў прапанаваў дэпутату Палаты прадстаўнікоў Ігару Марзалюку ініцыяваць некалькі змен у заканадаўства. Адказ прыйшоў у канцы жніўня.

29 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Праваабаронца Аляксандр Хамратаў ў лютым звярнуўся да дэпутата па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84 Ігара Марзалюка з прапановай унесці некалькі заканадаўчых ініцыятыў у парламент Беларусі.

У прыватнасці, Хамратов прапанаваў дазволіць асобам, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, мець прадстаўніка, а таксама вяртаць дзяржпошліну ў выпадку перамогі ў судзе па адміністрацыйнай справе. Сярод іншых прапаноў – дазволіць накіраванне працэсуальных дакументаў пры дапамозе электроннай пошты, зраўнаваць тэрміны звароту ў суд для наймальніка і працаўніка, а таксама некаторыя іншыя.

У сакавіку Ігар Марзалюк паведаміў Хамратову, што яго прапановы былі перададзены на разгляд у профільныя камісіі Палаты прадстаўнікоў.

З таго моманту, як сцвярджае праваабаронца, працэс заглух.

– Каб нагадаць пра сябе, мне прыйшлося звярнуцца ў Палату прадстаўнікоў. Спецыяльна папрасіў іх не зацягваць з адказам паўгода. Адказалі 29 жніўня. Нагадалі, што заканадаўчыя ініцыятывы могуць прапаноўваць грамадзяне ў колькасці не менш за 50 тысяч чалавек. Відаць, без гэтага паляпшэнне якасці жыцця грамадзян з’яўляецца немэтазгодным, – распавёў Хамратаў.