Цяпер беларусы змогуць даведацца, чым пахне ў паветры

Каманда праекта па маніторынгу чысціні паветра pavetra запусціла бота, які вызначыць крыніцу паху ў вашым населеным пункце.

Магілёвец Сяргей Пехцераў у фінале 13-ага сезона конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, у якім удзельнічаў разам з праектам народнага маніторынгу дробных часціц у паветры pavetra, прэзентаваў унікальную для Беларусі навінку – pah-бот.

Па словах Сяргея, гэта телеграм-бот, які дазваляе зразумець, як распаўсюджваюцца тыя ці іншыя пахі па горадзе. Інфармацыю можна будзе супастаўляць з інтэрактыўнай анлайн-мапай забруджвання паветра pavetra.online.

Бот у анлайн-рэжыме дазволіць ацаніць, наколькі моцна ўплываюць на экалогію спальванне травы, аўтамабільных шын, лясныя пажары і іншыя інцыдэнты. Акрамя таго, ён дапаможа знайсці крыніцы выкіду шкодных рэчываў. Інфармацыю таксама можна знайсці на pah.pavetra.online.

Карыстальнікі ў анлайн-рэжыме змогуць паведаміць телеграм-боту аб нязвыклых пахах з дапамогай каманды /report  або ж проста напісаць фразу “Чым пахне”.

Штодня бот праводзіць апытанне для збору статыстыкі па пахах, але калі гэта вам не падабаецца, то яго можна пераналадзіць.

Самае галоўнае, што ён ужо працуе – дастаткова проста клікнуць па гэтай спасылцы (калі што, pah-бот працуе толькі ў Беларусі).