Развязка блізка.

16 жніўня. Магілёў-Мінск. Ігар Лазоўскі


Мінскі эканамічны суд адмовіў «Вечернему Магілёву» ў пазове да экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праяў экстрэмізму, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Алеся Касьянчык прызнала довады прадстаўнікоў газеты незмястоўнымі.

У самым пачатку паседжання 16 жніўня суддзі заявілі адвод з-за неаб’ектыўнасці Касьянчык на папярэднім працэсе (адбыўся 6 жніўня). Суддзя хадайніцтва не задаволіла.

Прадстаўнікі газеты шмат у чым паўтарылі свае довады з папярэдніх працэсаў. У чарговы раз яны заявілі сябе, як абаронцы традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў. Асобна яны падкрэслілі, што слова «педэраст», якое выкарыстоўвалася ў матэрыялах «Вечернего Магілёва», не з’яўляецца вульгарызмам, як гэта прадставіла экспертная камісія.

Для вырашэння спрэчкі былі выкліканыя навукоўцы і даследчыкі.

Прафесар Інстытута беларускай мовы НАН Аляксандр Лукашанц заявіў, што лічыць слова “педэраст” не вульгарызмам, а медыцынскім тэрмінам:

З тых матэрыялаў, якія былі дасланыя, бачна, што слова «педэраст» выкарыстоўваецца ў прамым значэнні, а не ў пераносным. Аднак яно можа быць крыўдным для прадстаўнікоў гэтай групы людзей, – падзяліўся меркаваннем навуковец.

Аляксандр Сізанаў, загадчык кафедры псіхалогіі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, выказаў тэорыю пра канфліктагенны патэнцыял – здольнасць тэкстаў спараджаць канфлікты. Аднак на прамое пытанне суддзі, ці ёсць канфліктагенны патэнцыял у разглядаемых публікацыях «Вячэрняга Магілёва», Сізанаў выразна адказаць не змог:

– Для адных – так, для іншых – не. Гэта значыць, калі зэка назваць “підарам”, то гэта канфлікт, а ў іншых выпадках – не, – адзначыў Сізанаў.

Пасля спрэчак бакоў, калі суддзя выйшла выносіць рашэнне ў дарадчы пакой, жанчына з групы падтрымкі газеты зачытала 52-гі псалом з Псалтыра. Затым прыхільнікі выдання пакінулі залу, не дачакаўшыся рашэння суда.

Прадстаўнікі «Вячэрняга Магілёва» могуць абскардзіць рашэнне суддзі Алесі Касьянчык аб адмове ў пазове напрацягу 15 дзён. Калі гэтага не адбудзецца, у Магілёве адновіцца працэс па прызнанні двух тэкстаў газеты экстрэмісцкімі матэрыяламі.