Магілёўскія праваабаронцы просяць адгукнуцца тых, хто можа ведаць Аляксея Цітаўца ці ведае хаця б яго сяброў ці знаёмых.

У магілёўскай Турме №4 знайшоўся Аляксей Цітавец. Верагодна, гэта той самы малады чалавек, якому адмовілі ў сховішчы ў Расіі, экстрадавалі ў Беларусь, і зараз яму пагражае да 10 гадоў зняволення.

У снежні 2021 года расейская служба BBC падрыхтавала матэрыял пра тое, як расейскія ўлады выдаюць удзельнікаў пратэсту 2020 года беларускім сілавікам. Сярод іншых прозвішчаў BBC коратка апісала гісторыю двух чалавек – Аляксея Цітаўца і Артура Якубава, якія з’яўляюцца выпускнікамі аднаго з магілёўскіх каледжаў.

У студзені 2021 года іх затрымалі ў Маскве, аднак шырокай агалоскі гэтая інфармацыя не атрымала.

ЗНІКНЕННЕ ПАСЛЯ АДМОВЫ Ў ПРЫТУЛКУ

Аляксея Цітаўца затрымалі па запыце беларускай міліцыі, якая аб’явіла яго ў вышук. Яго абвінавацілі ў «асабліва злосным хуліганстве з ужываннем прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі, для прычынення цялесных пашкоджанняў».

Па версіі сілавікоў, падчас пратэстаў у жніўні 2020 года Цітавец кінуў металічны кораб у супрацоўніка міліцыі, але трапіў у службовы аўтамабіль, “пашкодзіўшы шкло і дах на агульную суму 42 рублі 55 капеек“.

Як сцвярджае BBC, абарона звяртала ўвагу на тое, што Аляксей Цітавец – сірата і настойвала, што віна беларуса не даказана, паколькі сам ён пасля інцыдэнту, за які яго пераследуюць, ачуўся ў бальніцы. У пратаколе допыту, праведзенага ў Магілёве, гаварылася, што ён “быў п’яны” і нічога не памятаў. Але знаёмы Цітаўца распавёў, што яго збілі на пратэстнай акцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў – і ён патрапіў у лякарню. Потым малады чалавек з’ехаў у Расію.

У Маскве Цітавец сцвярджаў, што нічога не ведаў аб узбуджэнні супраць яго крымінальнай справы, і падаваў хадайніцтва аб прытулку. Абарона спасылалася на тое, што ў Беларусі ён будзе падвергнуты катаванням. Аднак расейскае МУС у прытулку яму адмовіла.

Пакуль ішло абскарджанне, скончыўся максімальны паўгадавы тэрмін арышту. Цітаўца адпусцілі ў канцы ліпеня, і ў суд ён больш не з’явіўся. Суд завочна вырашыў, што экстрадыцыя “не мае мэты пераследу па палітычных матывах” і няма падставаў меркаваць, што матэрыялы крымінальнай справы сфальсіфікаваны. Пасля таго як рашэнне аб экстрадыцыі набыло моц, Цітаўца зноў затрымалі ў Маскве. Пасля яго выслалі ў Беларусь, дзе след маладога чалавека абарваўся.

ШТО БЫЛО ДАЛЕЙ

Верагодна, Цітавец знайшоўся. Магілёўскія праваабаронцы даведаліся аб тым, што чалавек з такім прозвішчам утрымліваецца ў Следчым ізалятары магілёўскай Турмы №4. Супадае ўзрост – каля 20 гадоў. Акрамя таго, вядома, што яму ніхто не перадае перадачы, што можа служыць ускосным доказам таго, што зняволены – сірата (у матэрыяле BBC Цітаўца называлі сіратой).

Супадаюць і тэрміны: у магілёўскае СІЗА Цітавец трапіў у пачатку кастрычніка 2021 года з СІЗА-1 («Валадаркі»).

Магілёўскія праваабаронцы сцвярджаюць, што малады чалавек па прозвішчы Цітавец сядзіць у СІЗА без падтрымкі звонку. Яны просяць адгукнуцца тых, хто можа ведаць яго, чальцоў яго сям’і, сяброў або прыяцеляў і напісаць:

mday.team@gmail.com

ці ў Тэлеграм: @maydayhelp

Таксама магілёўскія праваабаронцы просяць паведаміць ім на тыя ж кантакты, калі ў каго ёсць інфармацыя пра другога экстрадаванага з Масквы магіляўчаніна – Артура Якубава.