Пракуратура знайшла масавыя парушэнні ў працы апорных пунктаў Магілёўскай вобласці

Калі вас затрымалі і вязуць у пастарунак, прыглядзіцеся – магчыма, вы не такі ўжо і парушальнік на фоне таго, што там адбываецца.

11 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Органы пракуратуры выявілі парушэнні заканадаўства і хібы ў арганізацыі працы саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (у народзе – «апорныя пункты» ці «пастарункі»).

На нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у пракуратуры Магілёўскай вобласці высветлілася, што ў апорных пунктах Чавускага і Мсціслаўскага раёнаў не было мінімальнага аб’ёму патрабуемых нарматыўных прававых актаў. Апроч таго, скажаліся звесткі пра працу ГПАП, паведаміла служба інфармацыі абласной пракуратуры.

Пры некаторых саветах ГПАП адсутнічалі самаахвотныя дружыны, а таксама не прымалася ніякіх мер да стымулявання грамадзянаў і грамадскіх аб’яднанняў да ўдзелу ў ахове грамадскага парадку.

У некаторых выпадках саветы па ахове правапарадку проста не выконвалі свае абавязкі. У Крычаўскім, Горэцкім, Слаўгарадскім і Краснапольскім раёнах лікавы склад гэтых саветаў не адпавядаў патрабаванням заканадаўства.

Шмат якія апорныя пункты далі супрацоўнікам пракуратуры старыя звесткі пра стан крымінагеннага становішча і не сачылі за спісам грамадзянаў, з якімі трэба было праводзіць прафілактычную працу.

Па выніках нарады ў абласной пракуратуры было прынятае рашэнне прыняць меры ў дачыненні саветаў апорных пунктаў, службы участковых інспектараў Магілёўскай вобласці, а таксама органаў крымінальна-выканаўчых інспекцый органаў унутраных спраў.