Пасля развалу СССР фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» быў адным з сімвалаў новага жыцця – яркім і нацыянальным. Што з ім адбываецца цяпер?

20 мая. Магілёў. Саша Мінько


Праваслаўная выстава-кірмаш пад назвай «Велікодная радасць» можа стаць самай яркай падзеяй 23-га фестывалю «Магутны Божа», які адкрыўся ў суботу. Раней гэта быў фестываль духоўнай музыкі. Але ў ва што ён ператварыўся сёння – вялікае пытанне.

Першы фестываль “Магутны Божа” прайшоў ў 1993 годзе па ініцыятыве настаяцеля Касцёла Святога Станіслава Уладзіслава Бліна. Сама яго ідэя была заснавана ў духу экуменізму – тагачаснага руху за сусветнае хрысціянскае яднанне і супрацоўніцтва розных канфесій.

Свята было прызвана ўваскрэсіць хрысціянскую культуру. Як раз толькі спыніў існаванне багаборніцкіі Савецкі Саюз.

Назву фэсту даў першы радок твора беларускага кампазітара Мікалая Равенскага на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа» – гэтая малітва лічыцца духоўным гімнам беларускіх хрысціянаў. Але сёння фестываль пачынаецца з павільёнаў, выстаўленых па ўсіх правілах маркетынгу побач з новабудоўляй на месцы былога дома побыту.

Трэба заўважыць, што касавых апаратаў нідзе не відаць. Праваслаўная царква мае падатковыя ільготы. Здаецца, экумэнізм са сваім міжканфесійным дыялогам даўно забыты. Хіба зараз хтосьці можа параўнацца па ўмовах існавання з праваслаўем?

Побач з мылам добра гандлюецца праваслаўная гарбата.Па складзе – усё, як у любой свецкай аптэцы, але на ўсіх таварах стаіць завадская маркіроўка «Манастырскі».

Нядрэнна разыходзіліся і хлебабулачныя вырабы кляштарнага заводзіка. Ежа ідзе лепш свечак.

Размах вытворчасцей мінскага Елісавецінскага манастыра проста дзівіць. Некаторыя царкоўныя гандлёвыя кропкі нагадвалі звычайны гандлёвы цэнтр. Тут нават праваслаўныя швейныя вырабы.

Напрыклад, жакет «Мінчанка». Па выглядзе, якасць фабрычная, але маркіроўка стаіць «Свята-Елісавецінскі манастыр». Магчыма, ў манастыры з’явіўся свой швейны цэх. Не хочацца верыць, што хтосьці можа купляць оптам вопратку і перашываць лэйблы.

Падобна на тое, што час сумнага продажу малітоўнікаў, лампадак і абразкоў ўжо ў мінулым. Бізнэс можна рабіць на ўсім. Гандляваць цукрам у пластыкавых бутэльках? А чаму і не! Тут жа і праваслаўны подсонечны алей з грэчкай.

«Тры тавары па цане двух» – гэта цяпер можна ўбачыць не толькі ў модных крамах.

Ёсць нават свае распродажы.

А вось і праваслаўны шакалад. На адваротным баку напісана, што выраблены ён на гомельскай кандытарскай фабрыцы «Спартак». На кірмашы ён сыходзіць за 2 руб. 90 кап. Дарэчы, побач стаяць кубкі, якія, па словах прадпрымальнікаў, маюць сабекошт у 2 рублі, а прадаюцца тут ужо па сем. За святасць?

Калісьці ідэю фестываля духоўнай музыкі падтрымалі такія людзі, як народны артыст Беларусі і СССР Віктар Роўда, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Ганна Каржанеўская, заслужаны артыст Беларусі і  прафэсар Беларускай акадэміі музыкі Віктар Скарабагатаў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Калі б яны ведалі, што праз шмат гадоў індывідуальны прадпрымальнік з Арэнбурга Карымаў не будзе нават саромецца прадаваць на “Магутны Божа” шкарпэткі.

Не менш экзатычна выглядаюць вырабы з гімалайскі солі. Яна таксама праваслаўная?

Ёсць і свая біжутэрыя.

Шмат фарфору, у тым ліку імянны падарункавы.

Значна складаней прадаюцца абразы.

На світанку фестывалю Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі казаў, што «гэты фестываль з’яўляецца прыкладам таго, што вера Хрыстова – ёсць магутны крыніца натхнення». Сёння побач з кірмашом, на сцэне каля кінатэатра «Радзіма», баяністы гуляюць папулярныя мелодыі пад акампанемент басу ў слабую долю ў стылі гурта «Рукі ўверх».

А побач, за вуглом, ужо па традыцыі гасцінна свае дзверы адкрывае аўтазак. Фестываль “Магутны Божа “пачаўся.