А яшчэ Уладзімір Латыгоўскі не справіўся на пасады дырэктара Слуцкага сыраробнага камбіната, затое быў блізкі да кіраўніка справамі прэзідэнта.

13 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Інфармацыя аб прызначэнні на пасаду дырэктара ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» Уладзіміра Латыгоўскага з’явілася ў СМІ 10 верасня. На гэтай пасадзе ён змяніў Міхаіла Хортава, які кіраваў вытворчасцю 20 гадоў. Пры Хортаве апошнім часам прадпрыемства рэгулярна аказвалася ў цэнтры карупцыйных скандалаў. Дырэктару, аднак, пашанцавала сысці на пенсію – сілавікі пакаралі двух ягоных намеснікаў, загадчыцу фірмовай крамай, начальніка цэха і ягонага сына, а таксама супрацоўніцу камбіната.

Відавочна, Латыгоўскі закліканы выправіць рэпутацыю. Ён скончыў Магілёўскі тэхналагічны інстытут у 1986 годзе. У 2004 годзе дадаў да гэтай адукацыі коркі з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.У 2007 стаў гендырэктарам Слуцкага сыраробнага камбіната, потым сышоў на аналагічную пасаду ў гандлёва-лагістычны цэнтр «Азерцо-Лагістык», дзе прапрацаваў шэсць гадоў. У верасні 2015 года пачаў кіраваць «Гродзенскай зверагаспадаркай», філіялам «Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза». І вось, праз год, яму давяраюць мясны завод у нашым абласным цэнтры. Што мы ведаем пра Латыгоўскага?

ВЕТЕРАН МАЛОЧНЫХ ВОЙН З РАСІЯЙ

latygovskiyУладзімір Латыгоўскі кіраваў слуцкім сыраробным камбінатам ў самы разгар чарговай малочнай вайны з Расіяй. 27 красавіка 2009 года Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі шасці малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, у тым ліку і слуцкага. Расейцы, паводле іх версіі, знайшлі ў прадукцыі забароненыя прэпараты тэтрацыклін і оксітэтрацыклін. Дырэктар камбіната тады заявіў, што расійскі бок не прадставіў дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у прадукцыі антыбіётыкаў. У траўні Латыгоўскі ў каментары слуцкай газеце «Інфа-Кур’ер» паспадзяваўся, што пастаўкі хутка адновяцца, але не выгарэла – у чэрвені забарону на пастаўкі малочнай прадукцыі абвясціў ўжо Расспажыўнагляд, патлумачыўшы гэта невыкананнем тэхнічнага рэгламенту.

Характэрна, што Латыгоўскі ў той бітве здаўся досыць хутка – у каментары расейскім «Ведомостям» ён заявіў, што яго прадпрыемства “не будзе лезці на ражон”, самавольна адмовіўшыся ад паставак. Для слуцкай вытворчасці гэта было ударам у дыхала – экспарт у “брацкую” дзяржаву складаў 61% ад агульнага даходу прадпрыемства.

БЫЎ ЗВОЛЬНЕНЫ САВЕТАМ МIНIСТРАЎ СЯРГЕЯ СІДОРСКАГА

Кіраўніку Слуцкага сыраробнага камбіната не даравалі паразы ў «малочнай вайне». 15 ліпеня 2009 года Савет Міністраў пастанавіў вызваліць Латыгоўскага і яшчэ чатырох дырэктароў мяса-малочных заводаў ад пасады. Падпісаў пастанову прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. У тэксце пазначылі, што названыя прадпрыемствы не праводзілі глыбокай рэканструкцыі і змены асартыменту, а таксама прадавалі прадукцыю сабе ў страту. Саўмін таксама прызнаў, што ў прадукцыі былі выяўленыя антыбіётыкі, ад чаго так адмаўляўся Латыгоўскі. Яму давялося сысці.

Праз чатыры месяцы ён заступіў на пасаду дырэктара гандлёва-лагістычнага цэнтра “Азярцо-Лагістык”. На гэтым месцы ён прапрацаваў шэсць гадоў.

МЕЎ БЛІЗКІЯ КАНТАКТЫ З КІРАЎНІЦТВАМ СПРАЎ ПРЭЗІДЭНТА

Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (КСП) з’яўляецца органам дзяржкіравання, але пры гэтым актыўна займаецца камерцыйнай дзейнасцю праз дзесяткі кампаній. Большасць камерцыйных арганізацый падпарадкоўваюцца праз Кіраўніцтва справамі непасрэдна Аляксандру Лукашэнку. Сярод іх ёсць і ТЛЦ “Азярцо-Лагістык».

Фірмы КСДП з’яўляюцца прамымі канкурэнтамі вытворцаў тавараў і паслуг на рынку. Пры гэтым наяўнасць такога важнага заступніка ставіць дадзеныя прадпрыемствы, у тым ліку і “Азярцо-Лагістык” ў асабістае становішча на знешнім і ўнутраным рынку. Магчыма, з гэтым звязана адносна спакойная праца Уладзіміра Латыгоўскага на пасадзе дырэктара. Ва ўсякім выпадку, у скандалы ні ён, ні лагістычная фірма не траплялі.

ВЫРОШЧВАЎ НОРАК, ЯКІХ ПУСКАЮЦЬ НА ФУТРА

latyhouski-zveroferma

У Гродзенскай вобласці Латыгоўскі загадваў зверафермай Белкаапсаюза ў вёсцы Стрыеўка. Там разводзяць норак, з якіх пазней здзіраюць футра для экспарту ў іншыя краіны. Усяго там, на момант кіраўніцтва Латыгоўскага, змяшчалася 27 тысяч норак. Пры адкрыцці зверафермы ў 2015 годзе чакалася, аб’ём складзе мільён штук норкавых скурак у год.

Дарэчы, на афіцыйным сайце прадпрыемства Уладзімір Латыгоўскі дагэтуль пазначаны, як дырэктар.