Гісторыя з пераходам на відэа-званкі атрымала нечаканы працяг.

У папраўчай калоніі №17 у Шклове з 1 жніўня сталі тэставаць відэа-званкі праз месэнджэр Telegram замест ужо звыклых Viber і Skype, бо якасць сувязі апошніх вымушала жадаць лепшага.

Пазней гэты месэнджэр пратэставалі і ў іншых ПК.

Установы Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) пераходзяць на выкарыстанні інтэрнэт-тэлефаніі вымушана, бо «Белтэлекам» з-за стратнасці і незапатрабаванасці некаторых паслуг вымушаны скарачаць кадры і проста касуе цэлы аддзел, які адказваў за таксафонную сувязь – такія апараты зараз выкарыстоўваюцца толькі ў месцах несвабоды, бальніцах і інтэрнатах, а іх колькасць складае ўсяго некалькі сотняў па ўсёй краіне.

Да 1 кастрычніка тэлекамунікацыйнае прадпрыемства мае намер цалкам адмовіцца ад прадастаўлення гэтай паслугі, а гэта значыць, што скарачэнні насамрэч ідуць ужо зараз. З-за гэтага, па сведчанні сваякоў асуджаных, у некаторых гарадах (асабліва малых райцэнтрах) супрацоўнікі прадпрыемства перасталі афармляць дамовы на так званыя «віртуальныя тэлефонныя карты», хаця гэтая паслуга яшчэ існуе і цалкам законная.

Цяпер выявілася і новая вялікая праблема: некаторыя месэнджэры маюць функцыю калектыўных анлайн-канферэнцый, а рэжым пазбаўлення волі прадугледжвае размову асуджанага толькі са сваякамі, якія ўнесены ў яго асабістую справу. Гэта значыць, пасля пачатку званка ў Telegram ёсць магчымасць далучыць да размовы яшчэ некаторую колькасць жадаючых, чым і скарысталіся прасунутыя карыстачы.

У выніку, як паведамляюць нашы крыніцы, сваякі асуджаных сутыкнуліся падчас відэа-званка з дзіўным патрабаваннем – у кадры з’яўляўся супрацоўнік калоніі, які пытаўся дадзеныя абанента і патрабаваў паказаць пашпарт, каб пераканацца, што на сувязі менавіта тая асоба, якая пазначана ў асабістай справе асуджанага. Ахоўнікі зараз вымушаныя сачыць, каб да размовы не далучаліся іншыя грамадзяне.

Падобна, розныя дзяржаўныя ведамствы выконваюць выключна свае інтарэсы. Зняволеныя маюць права на 5 законных званкоў у месяц, якія павінен забяспечыць ДВП, але “Белтэлекам” гэта ніколькі не цікавіць.

Нягледзячы на ​​тое, што Беларусь называюць IT-краінай, беларускія калоніі абсталяваны толькі старой савецкай тэлефоннай правадной сеткай, а месэнджэры, якія пастаянна ўдасканальваюцца, становяцца для папраўчых калоній новым галаўным болем.