Што адбылося ў Магілёве ўвечары 14 ліпеня?

Немасавая не-акцыя не-пратэсту супраць небрутального не-разгону АМАП.

15 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Увечары 14 ліпеня на вуліцы гарадоў Беларусі высыпалі людзі – нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы чакана прывяла да негатыўнай рэакцыі грамадства. У сваю чаргу, гэта выклікала негатыўную рэакцыю МУС: ужо каля 12-й гадзіны ночы па Беларусі налічвалася некалькі сотняў затрыманых. Раніцай 15 ліпеня Следчы камітэт заявіў, што з-за сутыкненняў пратэстуючых з міліцыяй у Мінску распачата крымінальная справа за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Акрамя сталіцы, АМАП катком прайшоўся па жыхарам Бабруйска, Брэста, Гомеля і іншых гарадоў. На фоне гэтага асабліва дзіўным здаецца, што адбывалася ўвечары 14 ліпеня ў Магілёве. Гэта сапраўды было штосьці – але што менавіта?

ВАСТРАЎКІ СВАБОДЫ

Пасля нядопуску Бабарыкі і Цапкалы меркаванні магілёўцаў у сацсетках падзяліліся. Адны адразу заклікалі выйсці на цэнтральныя вуліцы і плошчы, іншыя ўбачылі ў гэтым правакацыю і ўтылізацыю актыўнасці.

У выніку, нейкай спланаванай акцыі не здарылася – хоць міліцыя рыхтавалася. Каля 17:30 валанцёры праваабарончай каманды MAYDAY паведамілі, што каля Ленінскага РАУС былі заўважаныя міліцыянты групы інфармавання ў блакітных камізэльках, а таксама мікрааўтобусы, якія выкарыстоўваліся пры затрыманні на ланцугу салідарнасці 19 чэрвеня.

Па ўсёй Беларусі людзі падыходзілі на цэнтральныя плошчы і вуліцы да 19 гадзін вечара. У гэты час у Магілёве на пляцоўцы перад ГЦ «Атрыум» было пару дзесяткаў чалавек, якія разрознена стаялі ў групах. Прычым нельга адназначна сцвярджаць, што гэта былі менавіта пратэстоўцы – хтосьці размаўляў, хтосьці здымаў адзін аднаго на фота, хтосьці проста глядзеў на тое, што адбываецца. З боку пляцоўка выглядала як звычайнае месца для шпацыраў магілёўцаў.

Паступова астраўкоў людзей станавілася ўсё больш – каля 20 гадзін вечара перад «Атрыумам» сабралася каля сотні чалавек. Хто з іх такім чынам пратэставаў супраць дзеянняў ЦВК, а хто проста шпацыраваў у пагодлівы вечар, было незразумела.

Прасцей было з ідэнтыфікацыяй пратэсту на праезнай часткі – часцяком міма праязджалі аўтамабілі, якія пачыналі сігналіць без бачных на тое прычын.

Аўто жа дапамаглі і аддзяліць тых, хто здзяйсняў праменад ад пратэстуючых. Апошнія ў нейкі момант у адказ на сігналы клаксонаў пачалі пляскаць у далоні. Да таго часу за імі ўжо сачылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

МІЛІЦЫЯ НА СТЫЛІ

Доўгі час адзінымі супрацоўнікамі МУС перад «Атрыумам» быў звычайны патруль у сіняй форме з двух чалавек. На працягу гадзіны яны абыходзілі пляцоўку, але не ўмешваліся.

Каля 19:40 на месцы з’явілася трое сілавікоў у сініх дзелавых касцюмах. Спачатку яны проста назіралі за тым, што адбываецца. Калі людзі пачалі пляскаць, адзін са стыльных міліцыянтаў дастаў з нетраў пінжака рацыю і штосьці ў яе прамовіў.

А 20-й гадзіне на месца пад’ехаў сіні мікрааўтобус з транзітнымі нумарамі і затаніраваным шклом. Адтуль вылез міліцыянт у блакітнай камізэльцы з надпісам «Інфармацыйная група» і нерашуча рушыў у цэнтр плошчы. Пасля пару няўдалых спробаў справіцца з гучнагаварыцелем, ён усё ж такі змог абвясціць, што «адбываецца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» і папрасіў усіх разысціся.

У адказ на яго здзіўлена паглядзелі. Людзі стаялі неарганізаваныя астраўкамі, ніякіх лозунгаў не выкрыквалі, у адзін натоўп ня збіваліся, ды і масавым збор не выглядаў. Якое ж тут несанкцыянаванае мерапрыемства?

АМАП-ВАЯЖ

Растлумачыць магілёўцам, што нельга проста так стаяць і размаўляць, вырашыў АМАП. Каля дзесяці чалавек у чорнай форме хутка вылезлі з пад’ехаўшага чырвонага аўтобуса і ланцугом рушылі на людзей.

Магілёўцы хутка ўсё зразумелі і пачалі разыходзіцца па розных закутках плошчы. Праз чатыры хвіліны людскіх астраўкоў ў цэнтры плошчы не засталося. Некаторыя проста адышлі да лавак, некаторыя зайшлі ў гандлёвы цэнтр, некаторыя перайшлі вуліцу.

Па выніку, супрацоўнікі АМАП так у свой аўтобус нікога і не зацягнулі. Пабадзяўшыся яшчэ паўгадзіны па плошчы, большая частка міліцыі асаблівага прызначэння пагрузілася ў транспарт і ад’ехала да гарвыканкама, пакінуўшы пару чалавек сачыць за тым, што адбываецца.

Адзіны інцыдэнт у гэты вечар здарыўся на праезнай часткі. У жанчыны ў майцы «Краіна для жыцця» пасярод дарогі зламаўся аўтамабіль. Да яе пад’ехала яе сяброўка, каб узяць на буксір, папераджальна пасігналіўшы. Гэтага было дастаткова, каб да месца здарэння прыбыў нарад ДАІ. Вырашылася ўсё мірна – у сяброўкі праверылі дакументы і адпусцілі.

Добра ўсё, што добра заканчваецца. Асабліва не-акцыі не-пратэсту.