Божа, у які ж усё-такі цікавы час мы жывем.
20 жніўня. Магілёў. Алесь Светлицкий
Актывіст Ігар Барысёнак паскардзіўся ў дзяржорганы на сайт праваабарончага цэнтру “Вясна” spring96.org. Пра гэта паведаміла група «НОД-Мінск» УКантакце.
Здарылася гэта пасля судовага працэсу ў Мінскім эканамічным судзе, дзе газета «Вячэрні Магілёў» аспрэчвала рашэнне экспертнай камісіі пры Міністэрстве інфармацыі аб прызнанні дзвюх матэрыялаў выданьня “змяшчаючымі прыкметы экстрэмізму”.
Сайт «Вясны» з самага пачатку працэсу вёў тэкставую трансляцыю з залы суда онлайн.
Барысёнак палічыў, што “рашэньне суда аб газеце” Вячэрні Магілёў “з’явілася на 3 гадзіны раней, чым яго абвясціў Высокі суд”. Актывіст НОД запатрабаваў ад Адміністрацыі прэзідэнта, Савета Міністраў, МУС, КДБ, Следчага камітэта, Генеральнай пракуратуры і Міністэрства інфармацыі разабрацца з гэтым.
– Пакуль суд не прызнаў артыкула экстрэмісцкімі, пісаць, што «ВМ» размясціў экстрэмісцкія артыкулы – хлусня і паклёп, – гаворыцца ў заяве “НОД”.
Варта адзначыць, што тэкставая трансляцыя на сайце “Вясны” сапраўды вялася на працягу некалькіх гадзін. Аднак вердыкт суда быў апублікаваны праваабаронцамі толькі пасля пастановы суддзі Алесі Касьянчык.
Зрэшты, гэта не спыніла аматараў «рускага свету». Як заявіла ў каментарах пад пастом адміністратар групы «НОД-Мінск» Юлія Чырва, «валанцёры НОД адсочвалі публікацыю “Вясны “, рабілі скрыны». Мяркуючы па яе каментарах, у хуткім часе прарасейскія актывісты збіраюцца падаць на «Вясну» у суд.