Канстанцін Сярогін атрымаў трое сутак арышту і змог пакінуць Магілёў.
13 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель паведаміў, што днём 13 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёна вынеслі рашэнне ў дачыненні да блогера, сябра каманды «Краіна для жыцця» Кастуся Сярогіна.
У ІЧУ Канстанцін Сярогін паскардзіўся на дрэннае самаадчуванне і яму выклікалі «хуткую дапамогу». Лекары па сімптомах западозрылі ў юнака COVID-19 і накіравалі ў бальніцу.
Да гэтага супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС прама ў ізалятары часовага ўтрымання склаў пратакол па артыкуле 23.4 КаАП – непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Уся справа ў тым, што менавіта Канстанціна Сярогіна каля сотня магілёўцаў здолела адбіць у міліцыянтаў на Віцебскім праспекце.
З 9 па 13 траўня Сярогін правёў у Магілёўскай «Лаўсанаўскай» бальніцы №1. Там ў яго ўзялі мазок для распазнання каранавіруснай інфекцыі. Праз тры дні яму паведамілі, што тэст – адмоўны.
Увесь той час, што Сярогін знаходзіўся ў шпіталі, ягонаму лекару тэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі, якія цікавіліся станам Канстанціна.
13 мая Сярогіна прама з лякарні даставілі ў суд Кастрычніцкага раёна, у абыход праваабаронцаў і журналістаў. Ён не запомніў прозвішча суддзі, паведаміў толькі, што яму далі трое сутак арышту.
– Быў прызначаны дакладны час выпіскі. Сам медперсанал, вядома, быў трохі прыведзены ў шок з-за такой цікавасці органаў да мяне. Увогуле, да прызначанага часу мы з санітаркай спусціліся да выхаду. Міліцыю мне прыйшлося чакаць больш за паўгадзіны. Прыйшлі два супрацоўнікі. Правялі дагляд. Пасадзілі ў аўто і мы з хуткасцю прыкладна ў 80-100 кіламетраў у гадзіну памчаліся ў суд. Там усё было вельмі аператыўна. Літаральна 15 хвілін – і я ўжо быў асуджаны. Асудзілі з улікам змякчальных абставінаў: ёсць 2 ўтрыманца, мама ў лякарні ў цяжкім стане, і той факт, што я ўжо адбыў у бальніцы амаль тыдзень. Суддзя вынес прысуд у 3 сутак, з іх двое з паловай я павінен адбыць пад арыштам. Гэта аднялі той час, пакуль са мной быў канвой. Увогуле, вызвалілі з залы суда і сказалі, каб чакаў, калі яны мне паведамяць, – распавёў Сярогін.
У дадзены момант Канстанцін ужо пакінуў Магілёў.