Як міліцыя прэсуе людзей, якія сігналяць пікетам Ціханоўскай ВІДЭА

Журналісты спрабавалі высветліць, якім чынам супрацоўнікі міліцыі вылічаюць аўтааматараў, якія сігналяць на знак салідарнасці з пратэстуючымі.

Дзесяткі магілёўцаў (а можа ўжо і сотні) атрымалі штрафы ДАІ за пададзены гукавы сігнал у падтрымку Святланы Ціханоўскай. На працягу чатырох дзён, з 18 па 21 ліпеня, давераныя асобы кандыдаткі ў прэзідэнты Ціханоўскай праводзілі перадвыбарчыя пікеты каля Лядовага палаца ў Магілёве. Акрамя магілёўцаў, якія прыходзілі на гэтыя сходы, пікеты падтрымлівалі аўтааматары – яны сігналілі, калі праязджалі міма.

Усе чатыры дні пікетаў на месцы дзяжурылі два экіпажы ДАІ. Але яны знаходзіліся так далёка ад пляцоўкі, дзе збіраліся людзі, што візуальна яе не бачылі. Як жа ў іх атрымлівалася беспамылкова вылічаць тых, хто сігналіў ў знак падтрымкі апазіцыянеркі і аштрафаваць іх?

ЭКСПЕРЫМЕНТ

MSPRING.ONLINE адважыўся на эксперымент. Аўтамабіль з нашым карэспандэнтам праехаў міма пікету, падаўшы гукавы сігнал. Далей машына павярнула на праспект Пушкіна і, праехаўшы 900 метраў з пачатку маршруту, натыкнулася на пост ДАІ. Міліцыянты спачатку ніяк не адрэагавалі, аднак літаральна праз хвіліну (мабыць апрацоўвалі чыёсьці паведамленне) кінуліся ў пагоню.

Спачатку яны ехалі ў хвост журналістам, пры гэтым не ўключалі пробліскавы маячок і ніякіх знакаў не падавалі. Нашы карэспандэнты не спяшаючыся пераехалі раку Днепр і загарнулі на бензакалонку. Туды жа паехаў і экіпаж ДАІ, дзе ўжо ўключыў сірэну і спыніў аўто з журналістамі. Калі верыць мапам, ад месца апазіцыйнага пікету да канца пагоні – 1700 метраў. Для зручнасці мы паказалі маршрут на карце:

Што ж такое адбылося, што экіпаж ДАІ рэальна палічыў патрэбным даганяць машыну, якая рухалася падкрэслена выконваючы ўсе правілы дарожнага руху?

Міліцыянт, прадставіўшыся па ўсіх правілах, запатрабаваў прад’явіць дакументы, заявіўшы, што аўтамабіль падаў гукавы сігнал недзе там – аж за 1,7 км ад месца затрыманьня. Журналісты, у сваю чаргу здзіўлена пацікавіліся, адкуль ён гэта ведае, калі пост ДАІ стаіць практычна ў кіламетры ад месца нібыта правапарушэння. Скончылася ўсё нечакана. Падрабязнасці – у нашым відэа.

Навошта MSPRING.ONLINE правёў эксперымент? Мы хацелі пераканацца, што аўтамабілісты атрымалі штраф не за парушэнне правілаў дарожнага руху, а за сваю палітычную актыўнасць.

Відавочна, між людзей паўз самага пікету стаялі супрацоўнікі сілавых органаў і цішком перадавалі дадзеныя няўгодных машын.

Верагодна, міліцыянты знаходзіліся і ў памяшканнях Лядовага палаца, дзверы якога ўвесь час былі зачыненыя – адтуль магла весціся і відэафіксацыя таго, што адбываецца. Вонкава сілавікоў не было відаць вакол, але безупынна вакол пляцоўкі, дзе стаіць свабодны мікрафон, калясілі белыя і шэрыя “Джылі”. І ўсім зразумела, хто ў іх сядзеў і чым займаўся.