З 1 верасня адміністрацыя папраўчай калоніі адпраўляе большую частку рэчаў асуджаных на склад. Магчыма, гэта не эксцэс выканаўцы, а прадуманая палітыка ўзмацнення жорсткасці умоў пакарання ад ДВП. Верагодна, гэта можа паўтарыцца ва ўсіх калоніях.
Першы непрыемны званочак прагучаў яшчэ на Новы год. Тады начальнік папраўчай установы ПК-15 выдаў распараджэнне не прымаць больш абутак, набыты на волі сваякамі асуджаных.
Людзі, якія пабылі ў месцах пазбаўлення волі, распавялі карэспандэнту MSPRING.MEDIA, што гэта адна з самых вялікіх праблем – боты так званага “устаноўленага ўзору” прымушаюць купляць у турэмнай адміністрацыі, а яны вельмі нізкай якасці. Яны, вядома, шаруюць нагу і хутка (да паўгода) развальваюцца.
Пашыты такі турэмны абутак ў адной з устаноў Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП). Гэта значыць, ДВП знаходзіць сам сабе замовы і працу сваім падапечным, а потым гэтыя не вельмi якасныя вырабы іншым вязням і прадае, замкнуўшы поўны бізнэс-цыкл.
Дарэчы, нарэшце запрацавала інтэрнэт-крама ПК-15. Але кідаецца ў вочы вельмі бедны асартымент тавараў, а ў раздзеле “Абутак” якраз і пуста.
З 1 ВЕРАСНЯ – НОВЫЯ ПРАВІЛЫ
А з 1 верасня ўжо новыя патрабаванні ўжываюцца да ўсяго вонкавага выгляда сядзельцаў. Уся вопратка на іх павінна быць толькі чорнага колеру альбо цёмна-сіняга, амаль чорнага. Пры гэтым правілы распаўсюджваюцца нават на сподняю бялізну і шкарпэткі. Даходзіць да таго, што шкарпэткі з невялікім малюнкам адміністрацыя адбірае ў асуджаных і адпраўляе на захоўванне на склад.
Пачынаючы з гэтай даты сваякі асуджаных павінны па-новаму рыхтаваць рэчавыя перадачы, а частку адзення ўжо забіраюць з ПК. І гаворка ідзе не пра турэмную робу, у якой вязні ходзяць на працу альбо перасоўваюцца па вуліцы, а пра спартыўныя касцюмы і любую вопратку, у якой яны ходзяць у вольны час у сваіх атрадах. Калі раней хаця б хатняе адзенне прыхарошвала непрыемнае адчуванне знаходжання ў пенітэнцыярных установах, то зараз ідзе сацыялізацыя наадварот – усё кажа вязню пра тое, што ён зняволены.
Такая ж сітуацыя і са спартыўным абуткам. Калі раней можна было перадаваць і красоўкі, і кеды любога колеру, але з чорнай падэшвай, то зараз спартыўны абутак павінен быць ва ўсіх аднолькавы і толькі чорнага колеру. Асобна новае патрабаванне закранула нават світшоты і майкі – зараз павінен быць толькі круглы выраз, а гумка на гарлавіне павінна быць вузкай.
Для сваякоў гэта проста шакуючыя новаўвядзенні. Не сакрэт, што толькі 50-кілаграмовая перадача, якая прызначаная па рэжыме, каштуе прыкладна 500 рублёў, а гэта для шмат месячны заробак. Як правіла, такія перадачы сям’і збіралі ўсім светам. А цяпер, акрамя гэтага, трэба купляць сваім сядзельцам яшчэ і новую вопратку, якую не заўсёды проста знойдзеш. З пачаткам восені кантралёры прыдзіраюцца нават да вязкі звычайнай фабрычнай шапкі і шаліка. І цэннік вырастае ў выніку да непад’ёмнага памеру.
А ў давяршэнне, як паведаміў нам адзін з нядаўна вызваленых вязняў ПК-15, новыя патрабаванні, хутчэй за ўсё, закрануць нават пасцельныя прыналежнасці. Цяпер сваякі павінны дасылаць асуджаным прасціны і навалачкі толькі белага колеру. Усё каляровае будзе адпраўляцца прама на склад.