Магіляўчанка, якая вызвалілася пасля адміністрацыйнага арышту, распавяла, што адбываецца па той бок чалавечнасці.
Магіляўчанку В. затрымалі 1 сакавіка каля яе дома, пасля чаго на яе склалі пратакол і адправілі на пяць сутак арышту. Крыніцы MSPRING.MEDIA даведаліся, у якіх умовах утрымлівалася жанчына і як з ёй абыходзіліся сілавікі.
В. расказала, што 1 сакавіка а 13-ай гадзіне патэлефанавалі ў званок яе кватэры. Людзі знадворку прадставіліся “Магілёўэнерга”, пасля чаго прапанавалі адчыніць дзверы. Калі В. адмовілася, невядомыя сталі біцца ў дзверы і яна вымушана была адчыніць.
Аказалася, што гэта супрацоўнікі міліцыі. У кватэры В. правялі ператрус і забралі тэлефоны, а таксама блок ад кампутара.
Апрануцца жанчыне не дазволілі – яе забралі ў адзін з РАУС Магілёва прама ў халаце і ў шкарпэтках, але дазволілі ўзяць рэчы.
У райаддзеле жанчыну апыталі, таксама сілавікі праглядзелі тэлефонны апарат. Пасля яе змясцілі ў так званую «шклянку» – камеру для ўтрымання людзей, якіх трэба адправіць у ізалятар часовага ўтрымання. Там В. прабыла больш за 8 гадзін – да 1 гадзіны ночы разам з двума іншымі жанчынамі асацыяльнага віду.
На жанчыну склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта распаўсюджванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў” у сацсетках. Падставай паслужыла тое, што яна адправіла сваяку публікацыю пра вайну ва Украіне, якая тычыцца баёў за Харкаў. Адзін з міліцыянтаў падчас складання пратакола пацікавіўся ў В., “хіба ідзе вайна?”.
Суд быў на наступны дзень – жанчыне прысудзілі 5 сутак арышту.
У ізалятары часовага ўтрымання В. трапіла спачатку ў прасторную камеру, ёй далі пасцельную бялізну. Праблема была ў тым, што ў камеры былі блашчыцы.
На наступную ноч да В. падсадзілі “падсадную качку”, – жанчыну, якая ўсё хацела ведаць пра нейкіх “партызан”.
На трэцюю ноч В. перавялі ў двухмесную камеру, дзе яна была яшчэ з трыма жанчынамі. Пасцельную бялізну ўжо не выдавалі, матрацы забралі.
Падчас перакідкі з камеры ў камеру В. адзначыла, што ІЧУ запоўнены мужчынамі – побач з адной з двухмесных камер яна налічыла прыкладна 8 пар абутку.
Таксама В. распавяла дзікую гісторыю пра адну з сукамерніц N.
Калі верыць апавяданню, N. затрымалі разам з непаўналетнімі дзецьмі і наўпрост з імі даставілі ў РАУС, дзе пратрымалі іх 12 гадзін.
Спачатку дзяцей хацелі забраць у нейкі “часовы прытулак”, аднак дзеці спалохаліся і плачам вымусілі сілавікоў пакінуць іх з маці на 12 гадзін у РАУС.
Калі аказалася, што прад’явіць N. няма чаго, сілавікі прыляпілі яе на аўта стыкер (мабыць, з бел-чырвона-белым сцягам), за што асудзілі на 10 сутак.