Прававы інспектар незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці ў Магілёве Аляксей Яўгенаў лічыць гэта паказчыкам таго, што чыноўнікі не валодаюць сітуацыяй.
28 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі/ Фотa – praca-by.info
Пікеты ў падтрымку лідэра прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка, якіх дзяржава абвінавачвае ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, павінны былі прайсці па ўсёй краіне, у тым ліку і ў Магілёве. Адпаведную заяўку мясцовыя члены прафсаюза падалі каля тыдня таму. Аднак гарвыканкам у чарговы раз адмовіў:
– У якасці прычын адмовы пазначаецца адсутнасць сплочаных дамоваў і “неправільнае” месца правядзення пікету – каля гарвыканкама. Гэтым рашэннем улады Магілёва паказалі, што не валодаюць сітуацыяй у сферы працаўладкавання і справядлівай аплаты працы. Ліквідацыя лідэраў прафсаюза Фядыніча і Комліка толькі пагаршае сітуацыю на рынку працы. Калі людзі самі без усялякіх дазволаў выйдуць на вуліцы, перамовы весці будзе не з кім,- пракаментаваў адмову ўладаў прававы інспектар РЭП Аляксей Яўгенаў.
Пікеты салідарнасці павінны прайсці па ўсёй Беларусі з 30 мая па 1 чэрвеня пад лозунгамі “Спыніць пераслед незалежных прафсаюзаў у Беларусі!” і “Спыніць крымінальную справа супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка!”.
У дачыненні да двух лідэраў прафсаюза распачата крымінальная справа за нявыплату падаткаў. Праваабаронцы прызнаюць пераслед РЭП ўладамі палітычным матываваным.