Разбярэмся, як не заляцець на штраф ці арышт па няведанні.

Праваабарончая каманда MAYDAY і валанцёрская служба ПЦ “Вясна” у панядзелак, 27 студзеня клічуць цябе,% username, на страшны і займальны варкшоп па экстрымізму ў Беларусі.

Чаму страшны?

Таму што ты жывеш у Беларусі, а Беларусь – краіна настолькі дзіўных магчымасцяў, што падсесці на адміністрацыйны штраф або крымінальную справу за публікацыі або лайкі вельмі лёгка.

Мы раскажам пра нядаўні выпадак, калі за мем ў «Аднакласніках» аштрафавалі жыхара Дрыбіна, узгадаем, як магілёўскі блогер Аляксей «Жарабя» Гаўрыленка ледзь не атрымаў “крымiналку” за свае жарты ў Інстаграм, а таксама паспрабуем разабрацца, чаму газета «Вячэрні Магілёў» так і не была пакарана за жорсткія матэрыялы ў дачыненні да ЛГБТ.

Чаму займальны?

Таму што на мерапрыемстве будзе эксперт, які_ая не па чутках сутыка_ўся_лася з пераследам за экстрэмізм (але ўсё абышлося). Імя пакуль не раскрываем, але будзе агонь.

Удзельнікі даведаюцца, што наогул такое экстрымізм, чаму апошнім часам улады спрабуюць ўбачыць яго паўсюль і як пазбегнуць непрыемнасцяў, звязаных з гэтым.

А яшчэ, наўпрост на нашым варкшопе слухачы паўдзельнічаюць у заданні, у якім паспрабуюць распазнаць, ці ёсць экстрэмізм у падрыхтаваных інфармацыйных матэрыялах, ці не. Паверце, лёгка не будзе. А вось цікава і карысна – так.

Ой, а гэта законна?

На 100%. Мы спецыяльна падрыхтаваліся так, каб цалкам раскрыць тэму, але пры гэтым не парушаючы ніякіх законаў. Удзельнікі не будуць падвергнуты небяспецы, экстрымісцкія матэрыялы мы распаўсюджваць не будзем :).

Окей, а куды і ў колькі прыходзіць?

Дата – 27 студзеня, панядзелка. Пачатак а 19:00

Месца – офіс “Магілёўскай вясны” (вул. Карабанаўская, 28, кв. 4, дом насупраць суда Кастрычніцкага раёна). Знаходзіцца ў пяці хвілін хады ад плошчы Леніна.

Каля патрэбнага пад’езда вы ўбачыце адзнаку, што вы прыйшлі ў правільнае месца. Таксама рэкамендуем паглядзець карту.

Калі заблудзіцеся – не страшна. Не саромейцеся і адразу тэлефануйце +375 29 302 27 43 (Саша).

Уваход – бясплатны, рэгістрацыя не патрэбная.