Гэта прытым, што абодвум выдалі позвы на наведванне допытаў.

14 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – Спутнік-Беларусь


У 2016 годзе непаўнагадовы Уладзіслаў Казакевіч напаў з бензапілой і сякерай на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра «Новая Еўропа» ў Мінску. Ён паспеў забіць адну жанчыну і раніць яшчэ траіх чалавек.

Падчас следства і суда сям’я 19-гадовага хлопца сцвярджала, што ён псіхічна хворы і замест адбыцця пакарання ў калоніі яго неабходна адправіць на лячэнне ў псіхіятрычную лякарню. Зрэшты, суд вырашыў інакш – яму прысудзілі 15 гадоў зняволення.

Ужо ў калоніі Уладзіслаў Казакевіч напаў на кантралёраў, матываваўшы гэта здзекамі з боку супрацоўнікаў пенітэнцыярнай установы. Пасля гэтага тэрмін павялічылі да 22 гадоў зняволення. Яго самога перавялі ў магілёўскую турму №4. Там, як сцвярджаюць бацькі хлопца, ён рэгулярна сутыкаўся з пастаяннымі прыдзіркамі, у выніку чаго атрымліваў дысцыплінарныя спагнанні.

Нядаўна яго этапавалі ў турму №8 г. Жодзіна, дзе ён абскардзіў у суддзе Жодзінскага раёна дысцыплінарныя спагнанні, накладзеныя на яго ў магілёўскай турме. Яго прадстаўнікамі выступілі адвакат Уладзімір Сташкевіч і яго бацька Валянцін Казакевіч.

Падчас паседжання адвакат заявіў аб неабходнасці допыту тых людзей, якія ўтрымліваліся ў адной камеры з Уладзіславам. Але ўзнікла праблема – частка з іх да гэтага часу адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4, адзін выйшаў на волю, яшчэ адзін пераведзены ў горацкую калонію №9.

Калонія №9 у Горках

Суддзя з Жодзіна даручыла Ленінскаму суду г. Магілёва і Горацкаму раённаму суду правесці допыт патрэбных зняволеных у тых месцах, дзе яны зараз знаходзяцца.

Як распавёў бацька Уладзіслава Валянцін Казакевіч, працэсуальныя дзеянні прызначылі на 13 снежня.

Ён разам з адвакатам павінны былі прысутнічаць на гэтых допытах. Паводле яго слоў, такое рашэнне прыняў суд г. Жодзіна. Валянцін Казакевіч і адвакат атрымалі позвы на яўку ў якасці прадстаўнікоў на абодва допыты – і ў Магілёве, і ў Горках. Аднак у папраўчыя ўстановы іх не дапусцілі.

– 13 снежня мы разам з адвакатам Уладзімірам Сташкевічам прыехалі да турмы №4. Таксама былі суддзя Манышаў і сакратар Касцючэнка, якія загадзя асабіста ўручылі нам позвы. Аднак супрацоўнікі СТ №4 паведамілі, што прынята рашэнне нам у допуску адмовіць, а суддзя ніяк на гэта не адрэагаваў – распавёў Валянцін Казакевіч.

Супрацоўнікі турмы матывавалі гэта тым, што наведванне асоб, якія ўтрымліваюцца ў іх, абмежавана Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Бацька зняволенага абураны:

– Але мы не на наведванне прыйшлі, мы прыйшлі на працэсуальнае дзеянне, на якое была судом выдадзена позва і на якім мы павінны былі прысутнічаць, – сказаў мужчына.

Аналагічны вынік быў і ў Горках. Як патлумачыў Валянцін Казакевіч, ён за тыдзень да працэсуальнага дзеяння апавясціў суд Горацкага раёна аб жаданні прысутнічаць на допыце. За дзень да гэтага яму патэлефанаваў сакратар і паведаміў дакладны час, калі бацька Уладзіслава павінен прыбыць разам з адвакатам.

Аднак і ў горацкай ПК №9 супрацоўнік калоніі ні бацьку, ні адваката зняволенага на допыт не дапусціў. Суддзя Ляшэнка, які ўласнаручна выпісваў позву Валянціну Казакевічу на яўку, бачыў, што іх не пускаюць, але праігнараваў тое, што адбываецца. Фактычна, на допытах прысутнічалі толькі прадстаўнікі ўлады.

Сябра Магілёўскай абласной грамадскай назіральнай камісіі па кантролю за месцамі несвабоды Барыс Бухель упэўнены, што нядопуск прадстаўнікоў – адназначна парушэнне:

Магчыма, адвакату і бацьке не далі б магчымасці задаваць пытанні. Аднак не пусціць іх на працэсуальнае дзеянне іх не мелі права – у іх былі нават позвы. Калі б іх пусцілі ў турму і калонію на допыты, яны хаця б бачылі, як яны праводзяцца, ці не аказваецца ціск на чалавека, каб ён схлусіў на карысць турмы. І мне зусім незразумелыя паводзіны абодвух суддзяў, на вачах якіх былі парушаныя правы асуджанага Казакевіча, – пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.

Бухель нагадвае – што б не зрабіў чалавек, ён мае права на годныя адносіны:

Відавочна, што для пенітэнцыярнай сістэмы Уладзіслаў Казакевіч – зручная мішэнь, якую не любіць большасць беларусаў. Па іх логіцы, з ім можна рабіць ці ледзь не ўсё, што заўгодна. Аднак гэта не так. Менавіта таму доступ прадстаўнікоў зняволеных да працэсуальных дзеянняў – гэта адна з гарантый, каб у турмах і калоніях не злоўжывалі уладай і сілай.

Па факце нядопуску на працэсуальныя дзеянні Валянцін Казакевіч і адвакат накіравалі скаргі ў пракуратуру, а таксама ў суд Ленінскага раёна г. Магілёва і Горацкі раённы суд.