У гомельскай жаночай ІК-4 скароцяць колькасць званкоў з-за дэмантажу таксафонаў.

Колькасць рэжымных штомесячных званкоў зменшыцца да аднаго відэа і двух аўдыёзванкоў. Такую інфармацыю агучыла адміністрацыя калоніі на спецыяльным сходзе, які прайшоў унутры ўстановы і быў прысвечаны новым правілам «Белтэлекома» (БТК).

Нагадаем, БТК папярэдзіў, што з 20 студзеня 2026 года ў сувязі з вывадам з камерцыйнай эксплуатацыі паслуг «Тэлефоннага сэрвісу інтэлектуальнай сеткі» (ТСІС) спыняецца аказанне паслуг «Абаненцкі рахунак», «Картачны рахунак», «Сэрвісныя тэлефонныя карты», «Віртуальныя сэрвісныя тэлефонныя карты», «Беларусь Дырэкт».

Гэта азначае, што звычайнай тэлефоннай сувязі ў калоніях, СІЗА і ЛТП не будзе. У якасці альтэрнатывы прапануецца падключэнне па тэхналогіі xPON або DSL. У цяперашні час спецыялісты БТК працуюць у ІК-4 над наладкай абсталявання. Аднак як будуць спісвацца грошы з асабовых рахункаў асуджаных і як уся схема будзе працаваць, пакуль ніхто не ведае. На ўсялякі выпадак адміністрацыя зменшыла саму колькасць званкоў, каб было менш праблем.

Пакуль жа якасць сувязі ў ІК-4 рэзка пагоршылася. Асуджаныя датэлефаноўваюцца, але званок практычна адразу абрываецца.