Кіраўніцтва магілёўскай школы №9 прымушае бацькоў забіраць дакументы сваіх дзяцей – вучыць іх у дзесятым класе «нерэнтабельна»

Пра гэта заявілі самі бацькі.

27 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі/ фота – Анжаліка Васілеўская, tut.by


Сярэдняя школа №9 – адзіная ў Магілёве, дзе ёсць інтэграваныя класы для дзяцей з парушэннем слыху. У мінулым годзе школу паспрабавалі закрыць – на думку чыноўнікаў, там навучалася занадта мала дзяцей. Бацькам з дапамогай журналістаў удалося адстаяць сваю ўстанову адукацыі. Аднак перад пачаткам новага навучальнага сезону з’явіліся новыя праблемы.

Бацькі дзесяцікласнікаў заявілі пра тое, што дырэктар установы адукацыі прымушае іх забраць дакументы са школы.

– Мне ўчора (26 жніўня) патэлефанавалі і папрасілі прыйсці пагаварыць, – распавёў бацька аднаго з навучэнцаў Сяргей. – Так я даведаўся, што ўсіх бацькоў, чые дзеці павінны пайсці ў дзесяты клас, дырэктар школы прымушае забраць атэстат і сысці ў іншыя школы. Мне выразна сказалі, што дзясятага класа ў сярэдняй школе №9 не будзе.

Па словах Сяргея, гэта рашэнне менавіта кіраўніцтва школы. Нібыта, дырэктар, галоўны бухгалтар і эканаміст разам сабраліся і вырашылі, што навучаць дзесяцікласнікаў эканамічна нявыгадна з-за іх невялікай колькасці.

– Калі я папрасіў паказаць дакументы, згодна з якімі прынята рашэнне аб гэтым, мне сказалі, што гэта ўнутраная рашэнне, – паведаміў бацька.

Паводле яго слоў, у дзесятым класе павінны былі вучыцца восем чалавек. Пра тое, што навучанне ў школе для іх скончылася, павінны былі паведаміць за два месяцы да пачатку навучальнага сезону. Аднак нікога ні пра што не апавяшчалі.

– Нашыя атэстат і заява на вучобу ў дзесятым класе дагэтуль ляжаць у школе. Некаторыя бацькі пад ціскам дырэктара забралі дакументы, але потым, трохі разабраўшыся ў сітуацыі, вырашылі іх вярнуць, але кіраўніцтва школы адмаўляецца прымаць гэтыя дакументы назад, – распавёў Сяргей.

Бацькі паспелі паскардзіцца адразу ў некалькі інстанцый – пракуратуру, раённы аддзел адукацыі, гарвыканкам і нават аблвыканкам. У раённай адміністрацыі ім сітуацыю каментаваць адмовіліся, пасля чаго бацькі пакінулі скаргу ў кнізе скаргаў і прапаноў.

У пракуратуры ім дапамагчы таксама адмовіліся, даслаўшы вырашаць праблемы ў гарвыканкаме. У гарадскім выканаўчым камітэце бацькам сказалі, што калі ім не паведамяць належным чынам пра расфарміраванне дзясятага класа, то іх дзеці павінны працягнуць вучобу. Але сітуацыю гэта не прасвятле – бацькі маюць намер атрымаць гарантыі таго, што школьнікі будуць працягваць сваё навучанне.