Арганізатары запланавалі акцыю на 19 лютага.

30 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Па словах аднаго з арганізатараў «Марша недармаедаў» ў Магілёве Уладзіміра Шанцава, заяўка была адпраўлена па пошце яшчэ ў пятніцу, 27 студзеня.

– Мы вырашылі не падаваць заяўку на пікет «ў адстойніку» па вуліцы Чалюскінцаў. Замест гэтага мы хочам прайсціся па цэнтры горада. Права на мірныя сходы гарантаванае нам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і мы маем намер гэтым правам скарыстацца. Прычым без усялякіх надуманых дамоваў з міліцыяй, “хуткай” і камунальнікамі – так, як робіцца гэта ва ўсім свеце, – паведаміў Шанцаў.

Арганізатары чакаюць, што магілёўцы пройдуць маршам па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Як сказаў Шанцаў, на маршы чакаюць тых, каму прыйшлі паведамленні з падатковай, а таксама ўсіх тых каму не падабаецца «абсурдны дэкрэт».

– На маршы мы чакаем усіх жадаючых. Ўсіх «недармаедаў». Мы не думаем, дазволяць улады нашу акцыю ці не – часу да яе яшчэ шмат, таму мы падрыхтуемся да розных варыянтаў.

Уладзімір Шанцаў не выключыў, што Марш адбудзецца, нават калі гарвыканкам не дасць дазволу.

– Аднак нам трэба ўсё добра прадугледзіць: ці варта гарантаваць сабе вялікія штрафы, грошы ад якіх потым пойдуць на дубінкі для АМАПу.

«Марш недармаедаў» – акцыя беларускай апазіцыі, якую плануецца правесці 19 лютага ў Гомелі і Магілёве, а 15 сакавіка – у Мінску.