Начальнік інстытута МУС, галоўны БРСМ-авец краіны, дырэктар саўгаса. Хто патрапіць у верхнюю палату парламента ад Магілёўскай вобласці

Ніякай альтэрнатывы ім няма.

27 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


У Магілёўскай вобласці канчаткова вызначыліся з вылучэнцамі у члены Савета Рэспублікі – верхнюю палату парламента, якая займаецца прыняццем або адхіленнем законапраектаў, якія прымае Палата прадстаўнікоў (ніжняя палата парламента).

Усяго ад кожнай вобласці Беларусі можа быць абрана не больш за 8 членаў Саветаў Рэспублікі (яшчэ іх называюць «сенатарамі»).

Звычайныя грамадзяне ніяк на гэтыя выбары не ўплываюць – прэтэндэнтаў на месца ў Савет Рэспублікі адбіраюць толькі мясцовыя ўлады. Адбываецца гэта на сумесных пасяджэннях прэзідыумаў рай-/гарвыканкамаў і раённых/гарадскіх Саветаў дэпутатаў вобласці.

Пасля вылучэння, прэтэндэнтаў павінен зарэгістраваць ЦВК. Выбары ў Савет Рэспублікі адбудуцца 7 лістапада, галасаваць змогуць толькі дэпутаты раённага і гарадскога ўзроўню з усёй вобласці.

Праўда, ёсць невялікае “але” – як такіх выбараў у верхнюю палату парламента не будзе.

На восем месцаў ад Магілёўскай вобласці ўлады вылучылі восем жа прэтэндэнтаў. Імі сталі:


Старшыня праўлення ААТ “АСБ Беларусбанк” Віктар Ананіч.


Генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліву і газіфікацыі “Белпалівагаз” Аляксей Кушнарэнка.


Дырэктар саўгаса «Добраахвотнік» Клічаўскага раёна Алег Портнікаў.


Прарэктар па вучэбнай працы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.Куляшова Алег Дзячэнка.


Першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Зміцер Варанюк.


Начальнік Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр міліцыі Валерый Палішчук.


Галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско.


Дырэктар ААТ «Чырвоны харчавік» Сяргей Анюхоўскі.


Улічваючы адсутнасць альтэрнатывы і празрыстасці ў беларускіх выбарах, няма сумневаў, што менавіта згаданая васьмёрка стане сенатарамі ад Магілёўскай вобласці.