Самы эфектыўны спосаб пазбавіцца ад бюджэтных грошай?

26 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – vk.com/tvrmogilevby


Магілёўскі аблвыканкам абвясціў тэндэр на «вытворчасць і вяшчанне рэгіянальна-значных тэлевізійных і радыёперадач на тэрыторыі Магілёўскай вобласці». Улады гатовыя вылучыць з бюджэту 926 249   беларускіх рублёў (больш 430 тысячаў даляраў) на 17 тэлевізійных і 1 радыёпраграм. Магчыма, вы ведаеце некаторыя з іх – напрыклад, у прамым эфіры «Чацвёртай студыі» вельмі баяцца казаць слова «БелСАТ».

У спіс уваходзяць таксама аналітычная праграма «Днямі», праграма для жанчын «Жаночая логіка», ранішняе шоў «Ранехонько», маладзёжная праграма «#Хэштэг», прамыя лініі з прадстаўнікамі ўлады і іншыя.

Асобна прапісана неабходнасць стварэння тэлеверсіі грамадска-значных мерапрыемстваў:

«Абавязковымі з’яўляюцца запіс і вяшчанне тэлеверсій важнейшых грамадска-палітычных і культурных падзей Магілёўскай вобласці, такіх як, напрыклад, абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі», святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і г .д», – пазначана ў конкурсных дакументах, падпісаных начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярынай Музычэнкай.

Але і гэта яшчэ не ўсё – Магілёўскі гарвыканкам аб’явіў асобны тэндэр на стварэнне 40 выпускаў асветніцкай культурнай праграмы «Встретимся у Звездочета».Для гэтага ўжо з гарадскога бюджэту выдзеляць 80 тысяч рублёў (амаль 40 тыс. Даляраў).

Усе пералічаныя тэлепраграмывыходзяць у эфіры рэгіянальнага тэлеканала «Беларусь 4 Магілёў».Гэта значыць, што пераможца тэндэру фактычна ўжо вядомы.