Магілёўскія апазіцыянеры запатрабавалі ў пракуратуры і Уладзіміра Цумарава звольніць намесніцу старшыні гарвыканкама

Усё таму, што Ала Галушка не дазволіла пікет за сваю адстаўку.

17 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі/photo – mogilev.gov.by


Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і каардынатар беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў па Магілёўскай вобласці Алег Аксёнаў папрасілі гарадскую пракуратуру і старшыню гарвыканкама Уладзіміра Цумараву разабрацца з галоўным ідэолагам Магілёва.

На іх думку, намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка груба парушыла службовую этыку, калі сама ж адмовіла ў правядзенні пікета за яе адстаўку.

Спадарыня Галушка сваю незаконную адмову ў правядзенні масавага мерапрыемства патлумачыла тым, што права на не падаўжэнне або на скасаванне кантракта з намеснікамі старшыні гарвыканкама ёсць толькі ў старшыні гарвыканкама. Але мы маем права публічна звярнуцца да кіраўніка Магілёўскага гарвыканкама з патрабаваннем, каб Галушку адправілі ў адстаўку, – заявіў Уладзімір Шанцаў.

Палітыкі папрасілі ў гарадскіх уладаў і пракуратуры прыцягнуць Алу Галушку да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе звальнення са службы ў сувязі з парушэннямі з-за канфлікту інтарэсаў.

 

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Алла (@galushko.alla)

Акрамя таго, яны таксама запатрабавалі правесці службовую і пракурорскую праверку ў дачыненні да намесніка старшыні гарвыканкама на прадмет наяўнасці ў яе службовай дзейнасці іншых выпадкаў канфлікту інтарэсаў і не выканання ёю пры гэтым службовай этыкі.

Першапачаткова Алег Аксёнаў і Уладзімір Шанцаў спрабавалі ўзгадніць правядзенне пікету за перанос завода «Омск Карбон Магілёў» ў родную вёску прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі – Александрыю.

Намесніца старшыні гарвыканкама Ала Галушка адмовілася ўзгадняць мерапрыемства, пасля чаго палітыкі двойчы хацелі правесці пікет за адстаўку чыноўніцы.

Абодва разы Галушка сваім подпісам забараняла правядзенне масавых мерапрыемстваў.