Стала вядома куды накіравалі на працу “стаханаўца” палітычных пераследаў у Магілёве Цімура Пахоменка.

Былога начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Цімура Пахоменка перавялі на пасаду начальніка аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці (АНВД) УУС Магілёўскага аблвыканкама. Нягледзячы на тое, што ў ліпені 2021 года ён стаў лаўрэатам прэміі “Дасягненне” ў сферы “Праваахоўная дзейнасць”, новага звання яму не прысвоілі (пакінулі падпалкоўнікам).

Цімур Пахоменка вядомы ў горадзе сваёй стараннасцю ў складанні пратаколаў на грамадзян, заўважаных на пратэстах пасля жніўня 2020 года. Практычна з кожным ён арганізоўваў асабістыя размовы, дзе пагражаў звальненнем з працы і нават расправай.

Да журналіста Уладзіміра Лапцэвіча ён асабіста ўжываў гвалт. Аб схільнасці гэтага міліцыянера да рукапрыкладства раней сведчылі работнікі Быхаўскага РАУС, адкуль яго перавялі ў Магілёў.

У пэўны момант Цімур Пахоменка знік з поля зроку. Але, як стала вядома MSPRING.MEDIA, з лістапада мінулага года яго прызначылі начальнікам АНВД УУС – аддзела, які быў створаны пасля перадачы крымінальна-выканаўчых інспекцый з падведамнасці Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) у міліцыю грамадскай бяспекі. Цімур Пахоменка сочыць за арганізацыяй адбыцця пакаранняў у выглядзе грамадскіх і папраўчых работ, абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ (“хімія”) і без (“хатняя хімія”), забеспячэння прэвентыўнага нагляду і прафілактычнага назірання.

Патрапіўшы на гэтую пасаду, Цімур Пахоменка перашкодзіў кар’еры шматгадовага намесніка начальніка АНВД, падпалкоўніка міліцыі Яўгена Шарамета, які ў кастрычніку мінулага года стаў часова выконваючым абавязкі начальніка. Пра гэта адкрыта гавораць работнікі Упраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама, якія вымушаны без асаблівага захаплення перыядычна перасякацца з новым начальнікам. Месца начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Ленінскага РУВД Магілёва заняў іншы вядомы змагар з іншадумствам – падпалкоўнік Аляксандр Пушын.