У наваполацкай папраўчай калоніі № 1 узмацнілі правілы прыёму рэжымных пасылак.

Час праверкі прадуктовых перадач і пасылак кантралёрамі ПК-1 павялічыўся прыкладна ўдвая, з-за чаго пры асабістай прысутнасці сваякоў у пакоі кантролю ўтварыліся чэргі. Як мінімум за апошнія тры гады такое назіраецца ўпершыню.

Адразу пасля навагодніх святаў супрацоўнікі ПК-1 сталі больш жорстка ставіцца да тых, хто прыязджае, і пачалі разразаць для праверкі не толькі мясныя прадукты, сала і сыр, але нават цытрусавыя, печыва і цукеркі — апошнія ў літаральным сэнсе разразаюць напалову.

Акрамя таго, шэраг кандытарскіх вырабаў нечакана трапіў у спіс забароненых. Так, раней дазволены ласунак «арэшкі са згушчонкай» цяпер перадаваць нельга. Такі кантроль стаў суцэльным, то бок жорстка даглядаюць кожную перадачу, а не выбарачна.